Дырэктара санаторыя «Беларусь» у Юрмале ўнеслі ў «чорны спіс» Латвіі

У «чорны спіс» Латвіі ўнеслі дырэктара юрмальскага санаторыя «Беларусь», які належыць дзяржаўным структурам Беларусі, Аляксандра Груздова. Акрамя таго, у пералік уключылі яго калегу — кіраўніка расійскага санаторыя «Бурштынавы бераг». Пра гэта паведамляе DELFI са спасылкай на дзяржаўную службу бяспекі Латвіі.

01_full__1_.jpg


У дзяржаўнай службе бяспекі пацвердзілі — грамадзянін Расіі Віктар Данілаў і грамадзянін Беларусі Аляксандр Груздоў працяглы час знаходзяцца ў поле зроку службы ў сувязі з дзейнасцю, якая адпавядае расійскім інтарэсам і можа пагражаць нацыянальнай бяспецы Латвіі.

«У сувязі з гэтым у сакавіку служба дзяржбяспекі заклікала міністра ўнутраных спраў уключыць уладальнікаў санаторыяў у чорны спіс — гэта значыць у спіс замежных грамадзян, якім забаронены ўезд у Латвію», — піша выданне.

Абодва санаторыя знаходзяцца пад санкцыямі Еўрапейскага Саюза, а значыць, ім нельга даваць ніякія фінансавыя ці эканамічныя рэсурсы.

Санаторый «Беларусь» належыць Упраўленню справамі прэзідэнта Беларусі, гэта значыць фактычна кантралюецца Аляксандрам Лукашэнкам. Ён знаходзіцца пад санкцыямі ЕС.

У красавіку стала вядома, што з-за абмежаванняў санаторый спыніў працу. Дырэктар «Беларусі» Аляксандр Груздоў з'ехаў на радзіму.