Літоўская чыгунка з чэрвеня спыніць перавозкі беларускай драўніны, гумы і металаў

Як паведаміў 25 траўня першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў, 17 траўня Літоўская чыгунка паінфармавала Беларускую чыгунку аб спыненні з 4 чэрвеня перавозак падсанкцыйных тавараў — прадукцыі дрэваапрацоўкі, вырабаў з гумы, чорных металаў.

90b30f12_724b_4d25_8298_936064c31885_w1023_r1_s.jpg


Апошнія цягнікі з імі прымуць ад Беларускай чыгункі 31 траўня. Далей прымаць будуць толькі тавары, якія не патрапляюць пад санкцыі. Таксама, паводле Снапкова, беларускі чыгуначны транспарт сёння працуе ва ўмовах поўнага спынення перавозак у зносінах з Украінай.

Агульныя страты па гэтых двух напрамках складаюць 26 мільёнаў тон грузаў.

У мінулым годзе па чыгунцы ва ўкраінскім напрамку было перавезена каля 12 млн грузаў, або 9% ад агульных перавозак чыгуначным транспартам: 45% гэтага абʼёму — нафта і нафтапрадукты, астатняе — хімічныя і мінеральныя ўгнаенні, каменны вугаль, будаўнічыя грузы, чорныя металы, лясныя грузы і іншае. У літоўскім напрамку за мінулы год перавезлі 16 мільёнаў тон грузаў, асноўная ўдзельная вага — гэта калій, астатнія абʼёмы — будаўнічыя матэрыялы, прадукцыя дрэваапрацоўкі, металы.