Руская праца з беларускім акцэнтам

Беларуская мадэль развіцця, зрэшты, як і яе расійскі аналаг, — гэта бунт дамадэрну супраць постмадэрну.

0ssvao.jpg

У фінаў, тых самых фінаў, якім незразумела з якога перапою раптам захацелася ўступіць у NАТO, ёсць прымаўка пра вялікага суседа. Яна складаецца з двух слоў — «руская праца».
Узор рускай працы, але з беларускім акцэнтам, мне днямі давялося пабачыць з вакна тралейбуса. Падзялюся сваім назіраннем.
Уздоўж дарог у Мінску стаяць ліхтарныя слупы. У кожнага слупа ёсць свой нумар, нанесены фарбай. Не выключана, што імпартнай. Ці так гэта на самай справе, высветліць не ўдалося. Але калі гэта так, то замена старых нумароў на новыя ў рамках праграмы імпартазамяшчэння выглядае лагічна.
Новыя нумары — не роўня старым. Яны нанесеныя прамысловым спосабам на ярка-жоўтыя бляшаныя таблічкі памерам прыблізна 10 на 20 сантыметраў. Таблічкі мацуюцца да бетонных слупоў дзвюма шрубамі, для чаго ў слупах з дапамогай перфаратара папярэдне прасвідроўваюць дзве адтуліны.
А цяпер — увага! — пытанне ў рэжыме бліц: «Колькі чалавек прымацоўвалі адну таблічку, калі ля слупа я назіраў траіх у яркіх сігнальных камізэльках?»
Павінен засмуціць тых, хто назаве лічбу «тры». Правільны адказ — чатыры. Адкуль узяўся чацвёрты? А кіроўца аўтамабіля, прыпаркаванага побач з ліхтарным слупом? Электрагенератар, інструменты, шыльды, спецвопратка ўрэшце! Увесь гэты скарб не на руках жа ад слупа да слупа пераносілі спецыялісты па эксплуатацыі перфаратара і шрубавёрту.

Амерыка не ведае перакураў

Варта прызнаць, што права нашых усходніх суседзяў на брэнд «руская праца» многімі ставіцца пад сумнеў. Прывяду каментар да маіх разваг на гэтую тэму ў фэйсбуку: «У чым прыкол? У Еўропе гэтую працу выконвала б народу ў 2 разы больш, плюс яшчэ дзве машыны і, магчыма, паліцыя».
За ўсю Еўропу казаць не буду. Асабісты вопыт адсутнічае. Але ў Амерыцы я адпрацаваў паўтара года. З першай працы мяне выгналі праз гадзіну. Непрыемная здарылася гісторыя.
Я адгукнуўся на абвестку ў газеце і адшукаў гасцініцу ў цэнтры Манхэтэна, у якой быў патрэбны падсобны рабочы. Пасля непрацяглых зносінаў менеджар перадаў мяне ў распараджэнне супервайзера паляка, а той мяне — маладому балгарыну. Нам трэба было заняцца рамонтам невялікага пакоя для прыслугі. Нічога, акрамя смецця, у пакоі не было. На яго выдаленне мы выдаткавалі каля гадзіны, пасля чаго мой напарнік кудысьці выйшаў, а я застаўся зусім адзін у пустым пакоі. У гэты момант зайшоў супервайзер. Застаў мяне ў стане марнавання часу — і паказаў мне на дзверы.
Ці меў супервайзер рацыю? Усё залежыць ад таго, з гледзішча вяршыні якой культурнай сістэмы ацэньваць яго рашэнне. З савецкай і постсавецкай, пабудаванай на прынцыпе чалавек чалавеку сябар, таварыш і брат, — не меў. З капіталістычнай з яе звярыным выскалам — так.
Амерыка не ведае перакураў, ва ўсялякім разе з такой з’явай мне сутыкацца не давялося. Працаваць усе мусілі ад званка да званка — і ні хвілінай больш, бо дадатковы час гаспадар абавязаны аплачваць з каэфіцыентам 1,5.
Два дзясяткі гадоў прайшло з таго часу, як я прасаваў вайсковыя штаны на базе «Форт Джэксан» у Паўночнай Караліне, але дагэтуль не магу прывыкнуць да нацыянальных асаблівасцяў укладкі тратуарнай пліткі ў Мінску або рамонту цеплатрас, калі вакол ямы часам збіраюцца да 10 чалавек. Палова з іх, як правіла, у цывільных гарнітурах. Якая практычная карысць ад гэтых людзей пры замене трубаў, зразумець у рамках бытавых уяўленняў не так і проста.
Аднак жа зразумець хочацца. З улікам максімы Гегеля наконт разумнасці ўсяго сапраўднага і сапраўднага ўсяго разумнага, я паспрабую ўзняцца над бытавымі ўяўленнямі.

Здагадайцеся з аднаго разу

Так званая «Беларуская мадэль развіцця», зрэшты, як і яе расійскі аналаг, — ёсць бунт дамадэрну супраць постмадэрну. Ключавое адрозненне «да» ад «пост» варта шукаць у культуры. Калі дамадэрн з’яўляецца законнанароджаным дзіцём калектывісцкай (сацыяцэнтрычнай) культуры, то постмадэрну для ўзнаўлення патрабуецца індывідуалістычны (асобацэнтрычны) КУЛЬТУРНЫ субстрат.
У тыповых прадстаўнікоў дамадэрну слаба развітыя ўнутраныя стымулы для здзяйснення самастойных учынкаў. Яны здольныя крочыць строем, выконваць нескладаныя манатонныя аперацыі, але толькі пры наяўнасці паганятага. Таму так арганічна глядзіцца наступнае выказванне: «Мы — і Расія — выжывем толькі дзякуючы жорсткай дысцыпліне. У адваротным выпадку нас выкарыстаюць» (19.04.2022).
Дзякуючы жорсткай дысцыпліне замясціць імпартныя цвікі на айчынныя рана ці позна атрымаецца. З гэтай нагоды можа не хвалявацца старшыня Савета Федэрацыі РФ Валянціна Мацвяенка, якая 13 красавіка, падчас пасяджэння верхняй палаты парламента, распавяла, што для яе «было нейкім адкрыццём — у нас цвікі імпартныя, не буду называць краіну, адкуль ідзе імпарт: здагадайцеся з трох разоў». Але як быць з аўтамабілебудаваннем? Ганяцца за сусветнымі брэндамі бессэнсоўна, таму даводзіцца вяртацца ў мінулае.
Днямі ўрад Расіі дазволіў выпускаць аўтамабілі без сістэм бяспекі і па экастандарту «Еўра-0» 1988 года.Расіяне нікуды не падзенуцца. Пры ўсім багацці выбару рэальных опцый у аўтамабілістаў дзве: ці аўтамабілі, сабраныя па рэцэптах мінулага стагоддзя, ці... прапаную здагадацца з аднаго разу.
Небагаты выбар — пабочнае следства санкцый. Галоўную ж іх мэту растлумачу з дапамогай расійскага фінансіста Андрэя Моўчана: «Санкцыі ўводзяцца не для таго, каб зрабіць расіянам горш, каб яны задумаліся і перасталі падтрымліваць Пуціна. Санкцыі — для таго, каб пазбавіць расійскую вайсковую машыну магчымасці вырабляць прылады забойства. А падзенне ўзроўню жыцця людзей у дадзеным выпадку — collateral damage (суправаджальныя страты). Яны пакутуюць не таму, што павінны пакутаваць, а таму, што немагчыма пазбавіць Расію здольнасці ваяваць без таго, каб людзі не сталі горш жыць».
***Заходнія тэхналогіі, плюс заходняе абсталяванне, плюс высокія цэны на нафту — нават пры дамінаванні «рускай працы» — здолелі забяспечыць у «нулявыя» гады рост даходаў расіян. Пры адсутнасці ўсяго гэтага спаўзанне ўніз стане зацяжным. Калі і на якім узроўні яно спыніцца — застаецца толькі здагадвацца.