Ва Украіне канфіскавалі тэхніку беларускіх дарожна-будаўнічых трэстаў на сем мільёнаў долараў

Пракуратура Кіева перадала ў кіраванне Нацыянальнаму агенцтву Украіны ў пытаннях знаходжання, вышуку і кіравання актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў, 60 адзінак будаўнічай тэхнікі, якія належалі беларускім кампаніям.

d36402f7_790d_419d_b7e9_320102b73661_w1023_r1_s.jpg


Як стала вядома, размова вядзецца аб беларускіх прадпрыемствах, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве дарог ва Украіне да вайны — дарожна-будаўнічым трэсце № 2 (Гомель), трэсце № 4 (Берасце) і будаўніча-мантажным трэсце № 8 (Мінск).

Сярод канфіскаванай тэхнікі экскаватары, каткі, пагрузчыкі, бульдозеры, машыны для дагляду дарог, аўтагрэйдары, аўтагудранатары, генератары, трактары, кошт якіх перавышае 200 мільёнаў грыўняў (амаль 7 мільёнаў долараў).

Гэта адбылося ў межах крымінальнага расследавання факту прысабечвання дзяржаўных сродкаў, вылучаных на будаўніцтва і рамонт дарог, а таксама магчымага фінансавання дзеянняў для захопу дзяржаўнай улады, змены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Украіны (ч. 5 артыкулу 191, ч. 2 артыкулу 110-2 Крымінальнага кодэксу Украіны).

За некалькі месяцаў да вайны стала вядома, што следчыя ўправы Нацыянальнай паліцыі Украіны ў Валынскай вобласці ўручылі галоўнаму інжынеру ТАА «Дарожна-будаўнічы трэст № 4» (Берасце) Аляксандру Зарэцкаму падазрэнні ў прысваенні чужой маёмасці з выкарыстаннем службовага становішча, а таксама ў падробцы афіцыйных дакументаў.

З 2019 году ўправа Нацыянальнай паліцыі Украіны ў Жытомірскай вобласці расследуе справу аб магчымым раскраданні дзяржаўных грошай, вылучаных на рамонт і будаўніцтва дарог, падраднікам з Берасця — дарожна-будаўнічым трэстам № 4.