У парламент Украіны ўнеслі праект закона аб канфіскацыі беларускай маёмасці за саўдзел у расійскай агрэсіі
У Вярхоўную Раду Украіны 26 траўня паступіў праект змяненняў у закон аб канфіскацыі уласнасці Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны. Яго дзеянне прапануецца распаўсюдзіць і на Беларусь праз падтрымку расійскага ўварвання, паведамляецца на сайце ўкраінскага парламента.
У тлумачальнай запісцы да праекту сцвярджаецца, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца суагрэсарам Расіі, падаючы сваю тэрыторыю для расійскіх войскаў і нанясення авіяцыйных і ракетных удараў па тэрыторыі Украіны.
«Дзякуючы такой падтрымцы расійскія войскі за два дні дайшлі да Кіева, захапіўшы Чарнобыльскую АЭС, горада Славуціч, Ірпень, села Іванкоў, Гастомель, Буча і іншыя населеныя пункты на поўначы Украіны», — гаворыцца ў дакуменце.
У ліку асноўных мэт праекта прапануецца замацаваць на заканадаўчым узроўні механізм прымусовай канфіскацыі дзяржуласнасці Беларусі і пашырыць пералік суб'ектаў, да якіх прымяняюцца санкцыі.
Таксама плануецца пашырыць падставы для пазбаўлення ўкраінскага грамадзянства асоб, якія маюць падвойнае грамадзянства (Украіны і Беларусі).
Аўтары законапраекта прызналі, што пакуль у краіне не існуе механізму прымусовага канфіскацыі аб'ектаў беларускай дзяржуласнасці. Яго прапануецца распрацаваць у бліжэйшы час.
Нагадаем, раніцай 24 лютага Расія напала на Украіну. Для ваеннага ўварвання выкарыстоўвалася ў тым ліку тэрыторыя нашай краіны, што зрабіла Беларусь у вачах сусветнай грамадскасці саўдзельніцай акта ваеннай агрэсіі. Пры гэтым у папярэднія гады Лукашэнка не раз публічна заяўляў, што ніхто і ніколі з Беларусі не будзе атакаваць Украіну.