Пасля «наезду» Лукашэнкі на дырэктарку школы «Смарт Скул», дзе пацярпела вучаніца, завялі крыміналку

Распачата крымінальная справа ў дачыненні да дырэктаркі прыватнай школы «Смарт Скул». Пра гэта паведаміў Следчы камітэт.

r7isj4j7af2gx3q1206vvu2la5y6bl7t.webp

Паводле звестак следства, 15 верасня ў Мінску ў памяшканні прыватнай установы адукацыі «Смарт Скул» былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні малалетняй навучэнцы.

«Устаноўлена, што 54-гадовая кіраўніца юрыдычнай асобы і іншыя супрацоўнікі ўстановы ўсяляк спрабавалі схаваць інцыдэнт, не забяспечылі бяспеку правядзення заняткаў і кантроль за паводзінамі выхаванцаў», —гаворыцца ў паведамленні СК.

Дзеянні дырэктара следствам кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі).

Ці затрыманая дырэктарка, не паведамляецца, але «з удзелам падазраванай праводзяцца следчыя дзеянні, дапытваюцца сведкі і відавочцы таго, што адбылося, канфіскавана неабходная дакументацыя».

Падкрэсліваецца, што «ў ходзе расследавання таксама будзе праверана правамернасць аказання адукацыйных паслуг названай установай». Гэта можа азначаць, што ўлады маюць намер закрыць прыватную школу.

Адметна, што сёння пра інцыдэнт выказаўся Лукашэнка. 

«Не нейкі там траўматычны, як яны пішуць, пісталет [там быў]. Гэта быў дзіцячы пісталет з гумовымі так званымі шарыкамі гэтымі. Ён трапіў дзяўчынцы ў вока. Яна была ў акулярах. Разбіў шкло і пашкодзіў вока. З гэтага зрабілі надзвычайшчыну. Я даручыў разабрацца», — Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што «справа нават не ў гэтай дробязі, хоць і гэта важна», а, маўляў, у школе «выявіліся больш маштабныя пытанні і праблемы».

«Аказваецца, у гэтай школе ажно 26 вучняў. Па-мойму, так мне міністр унутраных спраў далажыў. Прыватная школа. Адкуль, якая, што гэта за школа — 26 вучняў. Пачалі разбірацца — яна зарэгістраваная на тэрыторыі прыватнага нейкага прадпрыемства, якое ні чорта не робіць паводле статуту. Напэўна, чакаюць, каб гэтую зямельку прыкарманіць і пабудаваць там жыллё. А месца зручнае. Потым прадаць можна добра. Увогуле, ёсць пытанні».

Да здарэння, ад якога не застрахаваная ніводная школа, прымяшаў Лукашэнка і палітыку.

«Кіраўніцтва там на дух не ўспрымае беларускую дзяржаву. Гэта што, там лухта нейкая, нейкая клаака ўтварылася антыдзяржаўная? Таму я даручыў неадкладна ўвесці ліцэнзаванне з учорашняга дня. Народная адукацыя, школы, ВНУ — гэта не тая сфера, дзе мы жартаваць павінны», — сказаў Лукашэнка.

«Таму трэба зачысціць усё да немагчымасці ў сістэме адукацыі», — падсумаваў ён.

Нагадаем, сёлета рэжым пайшоў у крыжовы паход супраць прыватных устаноў адукацыі. Дазвол на працяг навучання не атрымала большасць з іх. Адной з прычын, чаму так адбываецца, з'яўляецца тое, што ў прыватных школах няма засілля лукашэнкаўскай ідэалогіі.