Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 26 снежня

Агляд галоўных навін краіны за сённяшні дзень.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__15__logo_1.jpg

У Беларусі вынесены першы завочны прысуд. Аляксандру Герасіменя і Аляксандра Апейкіна прызналі вінаватымі ў «закліках да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» і прысудзілі ім па 12 гадоў зняволення. Да таго ж, суд канфіскаваў маёмасць Аляксандры Герасіменя. 

Звольнены з пасады старшыня Мінскай абласной калегіі адвакатаў Максім Церашкоў. Вядома, што ён удзельнічаў у рэпрэсіях супраць сваіх калег і паспеў пазбавіць працы як мінімум 16 чалавек. Церашкова вывелі з калегіі ў кайданках, але зараз ён ужо на волі. 

Стала вядома, што за апошнія 2 гады ў Беларусі былі рэпрэсаваныя каля 200 медыкаў, але рэальны маштаб рэпрэсій нашмат вышэйшы. 

Вынесены прысуд кіраўнікам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Іх абвінавацілі ў «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342) і ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361). Аляксандр Ярашук атрымаў чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргей Антусевіч — два гады, а Ірына Бут-Гусаім — год і шэсць месяцаў. 

Гомельскі краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс правёў чацвёра сутак у карцары СІЗА-3. Палітвязня пакаралі жорсткімі ўмовамі ўтрымання за тое, што «не пагаліўся». 

У Нацыянальным мастацкім музеі прайшлі масавыя «чысткі»: з музея былі звольненыя 18 чалавек. Рашэнне аб звальненні гэтых людзей было прынята ў адзін дзень — 23 снежня 2022 года. 

11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі былому следчаму Яўгену Юшкевічу. Яўгена судзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «арганізацыю масавых беспарадкаў» у 2020 годзе, «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» ў інтэрв'ю і тэкстах у сацсетках, «пагрозу гвалтам» начальніку ІЧУ на Акрэсціна праз твіт. Яўген за кратамі знаходзіцца год і восем месяцаў. 

Журналісту Сяргею Чыгрыну дадалі яшчэ 15 сутак да папярэдніх сямі. 23 снежня слонімскі журналіст, пісьменнік і краязнаўца павінен быў быць вызвалены пасля адміністрацыйнага арышту. Аднак яго пакінулі пад вартай на выхадныя, а ў панядзелак адбыўся яшчэ адзін суд. Падчас зняволення Чыгрын страціў працу ў драматычным тэатры.

У Мінску затрыманы Уладзіслаў Чаховіч — вядоўца Telegram-канала «Спадчына», рэдактар Wikipedia, Twitter-блогер. У відэа, апублікаваным сілавікамі, ён «прызнаецца», што «супраць дзеючай улады і падтрымлівае Украіну».

У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня да двух з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму прысудзілі палітзняволенага ўласніка «Кальяннай № 1» у Мінску і журналіста Івана Мураўёва. Яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні». Працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя, паведамляюць праваабаронцы.