У Нацыянальным мастацкім музеі адбыліся масавыя звальненні

З музея былі звольненыя 18 чалавек. Аб гэтым рэдакцыі «Люстэрка» паведамілі чытачы. Інфармацыю пацвердзілі знаёмыя звольненых.

muzej_mastacki.jpg

Рашэнне аб звальненні гэтых людзей было прынята ў адзін дзень — 23 снежня 2022 года. За тыдзень да гэтага, 17 снежня, у адным з прапагандысцкіх рэсурсаў з'явіліся абразлівыя нататкі пра намесніка дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея па навуковай і асветніцкай рабоце Святлану Анейка і кіраўніка аддзела беларускага мастацтва ХХ — ХХI стагоддзяў Кацярыну Ізафатаву. 
У выніку абедзве супрацоўніцы былі звольненыя. Таксама пазбавіўся сваёй пасады намеснік дырэктара па агульных пытаннях і рэстаўрацыі Сяргей Вечар. У выніку ў гендырэктара Уладзіміра Пракапцова, які падпісаў загады аб звальненні, не засталося ніводнага намесніка.
Гэта не першае звальненне з Мастацкага музея. У пачатку снежня 2022 года адтуль прыйшлося сысці Ірыне Моніч, маці мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча. Апошні быў звольнены з музея яшчэ ў 2020 годзе.

«З яе боку не было парушэнняў працоўнай дысцыпліны, а з боку непасрэднага начальніка не было ніякіх прэтэнзій да выканання працоўных абавязкаў. Больш за тое, кіраўніцтва гэтага начальніка нават не паведаміла пра тое, што той пазбавіцца супрацоўніка. Так што мама шукае працу», — распавядае Моніч.