Былы следчы Яўген Юшкевіч атрымаў вялікі прысуд

У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня абвясцілі прысуд 33-гадоваму былому следчаму і ініцыятару праекта «ByChange» Яўгену Юшкевічу — 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Фота «Наша Н*ва»

Фота «Наша Н*ва»

Менавіта такі тэрмін і запрошвала дзяржаўнае абвінавачанне. Больш за месяц у закрытым рэжыме Яўгена судзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за «арганізацыю масавых беспарадкаў» у 2020 годзе, «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» ў інтэрв'ю і тэкстах у сацсетках, «пагрозу гвалтам» начальніку ІЧУ на Акрэсціна праз твіт.
Паведамляецца, што Юшкевіч быў «актыўным удзельнікам Telegram-чата «ХАТА», дзейнасць якога накіравана на арганізацыю злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці». Справу супраць палітвязня разглядала суддзя Алена Ананіч.
Яўген за кратамі знаходзіцца год і восем месяцаў.
Яўген Юшкевіч — былы следчы Следчага камітэта. У 2017 годзе ён звольніўся з пасады старшага следчага аддзела па расследаванні эканамічных злачынстваў Упраўлення Следчага камітэта па Мінску, а ў 2020-м стаў распрацоўшчыкам і ініцыятарам праекта «bychange.me», які дапамагаў у навучанні, перападрыхтоўцы сілавікоў, дзяржслужачых і людзей, якія сышлі з працы па меркаваннях сумлення ці якіх звольнілі.
Першы раз Яўген быў затрыманы ўвечары 24 лістапада 2020 года ў Мінску. Тады Яўгену інкрымінавалі ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Але праз 10 сутак яго вызвалілі са следчага ізалятара № 1.
Другі раз Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка 2021 года па падазрэнні па арт. 289 Крымінальнага кодэкса («Акт тэрарызму»). Дома ў яго правялі ператрус, а яго самога змясцілі ў СІЗА КДБ, куды доўгі час не пускалі адваката. За месяц да затрымання ў машыне, якая належыць яго бацьку, невядомыя ўсталёўвалі праслушку — адпаведнае відэа з рэгістратара Яўген апублікаваў у фэйсбуку.
У Яўгена ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці, у чым яго канкрэтна абвінавачваюць. Сам палітвязень расцэньваў у лістах на волю свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з усталёўкай праслушкі ў машыне яго бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт.
4 траўня Юшкевіч быў пазбаўлены звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу.