Аляксандру Ярашуку і Сяргею Антусевічу вынеслі прысуды — як і прасіў пракурор
Вынесены прысуд кіраўнікам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Фота са старонкі Анатоля Лябедзькі
У Мінскім гарадскім судзе 26 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім, паведамляюць праваабаронцы.
Сябраў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў абвінавацілі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342), а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361).
Судовы працэс вяла суддзя Валянціна Зянкевіч.

Усе абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай з 19 красавіка 2022 года.
Палітзняволены Аляксандр Ярашук — старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. БКДП аб'ядноўвае некалькі незалежных прафесійных саюзаў. У яго ўваходзяць Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускі незалежны прафсаюз (БНП).
19 красавіка 2022 года ў Аляксандра прайшлі ператрусы па месцы працы і па месцы жыхарства, канфіскавана тэхніка. Ярашука затрымалі і змясцілі ў СІЗА. Яму выставілі абвінавачванне: паводле папярэдняй інфармацыі, інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»). А ў канцы лістапада 2022-га стала вядома, што палітвязню выставілі новае абвінавачванне — заклікі да санкцый (арт. 361 Крымінальнага кодэкса). Па той частцы, якую інкрымінуюць Ярашуку, яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення свабоды.

Палітзняволены Сяргей Антусевіч — намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Доўгі час, амаль 10 гадоў, кіраваў незалежным прафсаюзам «Гродна Азот».
Затрыманы 19 красавіка 2022 года і змешчаны ў СІЗА КДБ. У той жа дзень у офісе БКДП і ў кватэры Сяргея Антусевіча адбыліся ператрусы. Сяргею прад'яўлена абвінавачванне, ён застаецца ў СІЗА. Паводле папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Палітзняволеная Ірына Бут-Гусаім — бухгалтарка офіса Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Затрымана 19 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы і змешчана ў СІЗА. Паводле папярэдняй інфармацыі, ёй інкрымінуюць арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Судовы працэс пачаўся яшчэ 20 снежня, а сёння быў вынесены прысуд: Аляксандр Ярашук атрымаў чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргей Антусевіч — два гады, а Ірына Бут-Гусаім — год і шэсць месяцаў. Столькі ж у суда запрошваў бок абвінавачання.
Раней рашэннем Вярхоўнага суда дзейнасць БКДП была спынена нібыта ў сувязі з фактамі парушэнняў патрабаванняў Канстытуцыі Беларусі.
27 снежня чакаецца вынясенне прысуду актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязням Генадзю Фядынічу, Васілю Берасневу і Вацлаву Арэшку.