Для прафсаюзнага лідара Аляксандра Ярашука пракурор патрабуе 4 гады зняволення

Аляксандру Ярашуку выставілі абвінавачанне ў закліках да заходніх санкцый, пракурор патрабуе для яго чатыры гады зняволення. Насамрэч Ярашук выступаў супраць санкцый у дачыненні да Беларусі, за што яго ў дэмакратычным асяродку не раз крытыкавалі

jaraszuk.jpg

20 снежня пачалі судзіць старшыню Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевічам і супрацоўніцу офісу БКДП бухгальтарку Ірыну Бут-Гусаім, нагадвае «Св*бода». У той жа дзень стала вядома, што падсудныя прызналі сваю віну

Сёння, 23 снежня, у судзе адбудуцца спрэчкі бакоў.

Пракурор на працэсе патрабуе пакараць Ірыну Бут-Гусаім – на 1,5 года пазбаўлення волі, Сяргея Антусевіча – на 2 гады, Аляксандра Ярашука – на 4 гады пазбаўлення волі. Пра гэта паведаміў палітык Анатоль Лябедзька.

Працэс адбываецца ў Мінскім гарадскім судзе. Разам з Аляксандрам Ярашуком у справе праходзяць ягоны намеснік Сяргей Антусевіч і Ірына Бут-Гусаім.

Раней Аляксандру Ярашуку, яго намесніку Сяргею Антусевічу і бухгальтарцы Ірыне Бут-Гусаім інкрымінавалі 342 артыкул Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Цяпер жа стала вядома, што Аляксандру Ярашуку выставілі абвінавачанне ў закліках да заходніх санкцый, хоць ён выступаў супраць іх.

Паводле той часткі, якую інкрымінуюць Ярашуку, яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення свабоды.


Аляксандр Ярашук публічна выступаў супраць увядзення санкцый у дачыненні да Беларусі. Аднак, паводле «Народнай волі», падставу для новага артыкулу Ярашуку знайшлі ў ягоным кампутары, які сілавікі забралі падчас ператрусу.

Паводле БелТА, абвінавачаныя ў судовым працэсе прызналі віну. Абаронца абвінавачанага Ярашука заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы шэрагу характарыстык і падзячных лістоў, у тым ліку ад партнёраў БКДП. Суд задаволіў гэта хадайніцтва.


Рэпрэсіі супраць лідараў незалежных прафсаюзаў

13 траўня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітвязнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія былі затрыманыя ў красавіку 2022 года. Палітвязнямі прызнаныя Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідар прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Бераснеў.

«Пазбаўленне волі ўказаных асобаў адбылося на фоне шырокамаштабнай кампаніі пераследу незалежных прафсаюзаў і прафсаюзных лідараў апошнім часам і носіць сістэмны характар», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў, якія заклікалі неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі.