Алесь Кіркевіч: Палітвязні будуць сядзець столькі, колькі будзе існаваць рэжым Лукашэнкі?

Колькі ў нас палітвязняў? Хто можа ў нас цяпер пералічыць іх імёны, прозвішчы?

img_20221222_153628_1024x768.jpg

Вольга Івашына — жонка палітвязня, журналіста-расследадавальніка Дзяніса Івашына і Алесь Кіркевіч — былы палітвязень, вязень сумлення, публіцыст, пісьменнік, распавялі «Радыё Р*цыя».

— Найперш пытанне да Вольгі. У гэтым годзе ўражваюць жонкі палітычных зняволеных сваёй салідарнасцю, моцай. Вы — адна з іх. Але вы вылучаецеся тым, што ведзяце на сваёй старонцы ў Фэйсбуку дзённік. Ужо 652 дзень зняволення вашага мужа. І вы перад эфірам сказалі, што далей такі дзённік будзе весці цяжкавата. Чаму?

— Атрымліваць інфармацыю цяпер будзе цяжэй, паколькі Дзяніса збіраюцца пераводзіць у іншую ўстанову з гродзенскай турмы №1, — кажа Вольга Івашына. — Пэўны час ён будзе на каранціне. І калі першы ліст ад яго прыйдзе, невядома. Банальна не будзе хапаць інфармацыі.


— Прыгадаем прысуд, абвешчаны Дзянісу Івашыну — 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Як выглядае на сёння кантакт з Дзянісам? Ці даходзяць лісты толькі ад сям’і? Бо шмат людзей пішуць Дзянісу. Ці атрымлівае ён гэтую хвалю цяпла і салідарнасці ад нас?

— Ён нічога не атрымлівае. Мы ведаем, што шмат людзей яму пішуць, і ніводзін ліст да яго не дайшоў. Лісты даходзяць толькі ад сваякоў, бацькоў і мяне.

— Што піша Дзяніс?

— Штосьці асабістае, як ён нас усіх любіць, як чакае сустрэчы, што кожны дзень набліжае гэтую сустрэчу. Ён аптыміст, спадзяецца на лепшае і што ўсё будзе хутка добра.


— Алесь, да вас пытанне як да палітвязня, вязня сумлення, чалавека, які прайшоў пэўныя ступені беларускай турмы. Як можна паспрыяць вызваленню палітвязняў? Бо шмат цяпер гучыць закідаў у бок і Офіса Святланы Ціханоўскай і АПКБ, што яны мала робяць у справе вызвалення палітвязняў. Ці ёсць нейкія магчымасці ўплываць на нешта ў гэтай сітуацыі?

— Я думаю, што тыя часы, калі я сядзеў — гэта мы размаўляем пра 2011 год — сітуацыя была кардынальна іншая, кажа Алесь Кіркевіч. — Да палітвязняў даходзілі лісты, пасылкі, было іншае стаўленне адміністрацыі. Ім было нявыгадна, калі з табой нешта здарыцца.  

І ўсе партрэты палітвязняў нават пасля 2010 года змяшчаліся на адзін аркуш газеты “Наша Н*ва”, якая прыходзіла ў СІЗА на Валадарскага. І калі тады садзілі за палітыку, з вялізнай верагоднасцю палітвязень не адбываў свайго тэрміну.

Цяпер сітуацыя іншая, хаця б таму, што мы забыліся, колькі ў нас палітвязняў. Хто можа ў нас пералічыць іх імёны, прозвішчы? І чалавек можа сядзець вечна фактычна. І я думаю, шмат хто з палітвязняў абсалютна справядліва лічыць, што яны будуць сядзець столькі, колькі будзе існаваць рэжым Лукашэнкі.