Кулінарная кніга палітвязня. Што і як беларусы гатуюць за кратамі — мультфільм

Сотні палітзняволеных кожны дзень сутыкаюцца з рознымі праблемамі ў калоніях і СІЗА: ціскам з боку адміністрацыі, незаконнымі суткамі ў штрафных ізалятарах, нечалавечымі ўмовамі і кепскай ежай. Каб рацыён быў больш разнастайным, асуджаныя гатуюць ежу самі. Адны збіраюць яйкі для салата з вячэры ў бальніцы, другія просяць родных пакласці ў перадачу арэхі і сухафрукты, трэція скідваюцца прадуктамі з усяго атрада на торт. 

2e467a616a48b7a22a31692364ec1afe_1400x850.jpeg

Анімацыя: Анастасія Крайнюк
«М*дыязона» сабрала рэцэпты, якія распавялі і напісалі палітзняволеныя, у невялікую кулінарную кнігу.


Мясны торт

Палітвязень Максім Знак у адным з лістоў расказаў, як згатаваў мясны торт, калі забыўся купіць салодкае падчас апошняй «атаваркі».
РэцэптВыкладзіце па коле слаямі каўбасу, бастурму, рэшткі сушанага мяса. Упрыгожце страву чалавечкам з лустачак сала.
«І ўвечары піў гарбату і спёк торт: па коле каўбаса, потым баструма, мяса сушанае, а зверху — чалавечак з лустачак сала. А ўсяго варта было на апошняй атаварцы забыцца купіць салодкае», — расказаў Максім Знак.

Цукеркі і торт «а-ля труфель»

Журналістка Вольга Лойка, якая правяла каля года ў СІЗА па справе TUT.by, падзялілася ў фэйсбуку рэцэптам торта, які гатавала разам з сукамерніцамі.
РэцэптШакалад, міндаль, фундук, апельсіны, печыва (здобнае або аўсянае) злучыць, уварыць у аднародную масу.
«Доўгія выхі ў СІЗА — гэта вельмі сумна. Асаблівае псіхалагічнае, педагагічнае і гаспадарчае значэнне ў такіх умовах набываў калектыўны выраб торта або цукерак а-ля труфель. Доследным шляхам выяўлена, што ўсю камеру на 6-8 чалавек можна гадзіны на паўтары-дзве «прыпахаць», нават самых суровых грамадзянак. Да позняй восені тэхналогія была так адпрацавана, што ў батле рэцэптаў Валадарка супраць Жодзіна сталіца перамагла ў адны вароты. Карацей, шакалад, міндаль, фундук, апельсіны і печыва здобнае або аўсянае аб'ядноўваліся і ўварваліся ў нешта прыгожае пад любімую прыгаворку Кансерваторыі "Добра сядзім!"», — пісала Лойка.

Рыбны паштэт, салата з марской капусты, торт святочны ўніверсальны

Валанцёрка праекта «Краіна для жыцця» Вольга Паўлава правяла тры месяцы ў СІЗА на Валадарскага паводле абвінавачвання ў грубым парушэнні парадку. Паўлава расказала «М*дыязоне», што гатавала разам з сукамерніцамі, каб разнастаіць беднае харчаванне ў ІЧУ або СІЗА. Паводле слоў валанцёркі, за час зняволення яна моцна схуднела, пачалі выпадаць валасы. Паўлава лічыць, што прычына — у турэмным харчаванні.
Актывістка падзялілася з «М*дыязонай» рэцэптам рыбнага паштэту, торта і салаты з яек. Рыба, якую двойчы на тыдзень давалі на вячэру, была прыгатавана вельмі дзіўна: яна магла быць як гатовай, так і зусім сырой, толькі што размарожанай, таму ў камеры яе перапрацоўвалі ў паштэт.
Торт быў універсальнай урачыстай стравай, яго гатавалі, па магчымасці, на ўсе дні нараджэння і іншыя святы.
Салату з яек і марской капусты можна было прыгатаваць толькі ў спецыяльнай турэмнай палаце — толькі там, паводле слоў Вольгі Паўлавай, давалі яйкі і алей.
Гатаваць у камеры было складана, бо посуду практычна не было. Для гатавання і захоўвання прадуктаў у ход ішла тара ад кансерваваных салатаў, якія прадаваліся ў турэмнай краме.
Рэцэпт (паштэт)Узяць рыбу з вячэры, разабраць, дастаць косткі. Размяць рыбу, змяшаць атрыманую масу са сланечнікавым алеем і прыправамі з перадач. Калі камусьці перадалі зеляніну, напрыклад, кроп — дадаць яго. Усё змяшаць, пакінуць марынавацца на ноч. Падаваць з хлебам.
«Бралі рыбу, якую давалі на вячэру, даставалі косткі, пераміналі з алеем і прыправамі тыпу «Магі» з перадач, перамешвалі і пакідалі марынавацца на ноч. З раніцы атрымаліваўся смачны паштэт. Калі ў кагосьці быў кроп, дадавалі туды кропу. І елі з хлебам», — расказвае Паўлава.
Рэцэпт (торт)Папрасіць сваякоў пакласці ў перадачу каржы, арэхі і сухафрукты. Купіць у турэмнай краме згушчанае малако. Сабраць торт: выкласці па чарзе слаямі корж, арэхі, згушчанае малако, сухафрукты (курага, інжыр), зноў корж, прамочаны згушчаным малаком, а на верхні слой — арэхі.
Рэцэпт (салата)Сабраць яйкі з некалькіх прыёмаў ежы ў бальнічнай камеры, пакрышыць самаробным нажом, змяшаць з марской капустай з турэмнай крамы. Па жаданні дадаць сметанковае масла, якое таксама трэба будзе сабраць з некалькіх прыёмаў ежы ў бальнічнай камеры.

Турэмны «Напалеон»

Паводле слоў былога палітвязня Міхаіла Жамчужнага, у калоніі гатавалі торты да выхаду зняволеных з ПКТ або ШІЗА. Для прыгатавання торта прадукты прыносілі асуджаныя з усяго атрада, таму ён атрымліваўся вельмі вялікім.
РэцэптЗнайдзіце дзверы, якія часова можна будзе зняць з завесаў — у якасці талеркі для будучага торта. На дзверы выкладзіце корж, змажце згушчаным малаком, пасыпце здробненым печывам і шакаладам, накрыйце змазаным згушчаным малаком каржом. Можна ўпрыгожыць прысмакамі.
Торт падаецца з чэфірам — моцным напоем на аснове гарбаты. Заварваецца ў наступных прапорцыях: пачак гарбаты на тры літры вады.
«Такіх спяцоў у гатаванні тортаў тут не знойдзеш. Торты там гатуюць на выхад асуджаных з ШІЗА ці ПКТ. Гэта называецца «сустрэча». Увесь атрад, а там 100 чалавек, скідваецца, у каго што ёсць. Здымаюцца дзверы з завесаў, на іх кладуцца каржы, потым усё шліфуецца згушчонкай, крышыцца печыва, шакалад, зноў згушчонка, а потым зноў каржы — і вось зонаўскі «Напалеон» гатовы. Памерам са стол, усім хапае», — расказаў Міхаіл Жамчужны.

Кава па-шляхецку

Пра каву «па-шляхецку» расказвае палітвязень Максім Знак у сваёй кнізе «Зэкамерон», прысвечанай турэмным будням.
РэцэптПрыгатуйце каву так, як ёсць магчымасць. Дадайце згушчанае малако з разліку адзін пакет згушчонкі на ўсю камеру.
Урывак з кнігі «Зэкамерон» Максіма Знака
«Падыходзіў час атаваркі. Яе не было ўжо больш за два тыдні, а значыць, зусім хутка можна будзе купіць усё, што трэба і для хаты (анучу), і для душы — хоць бы пару пачкаў цыгарэт для курцоў.
Калі прынеслі спіс атаваркі, ён яго зноў уважліва вывучыў, як рабіў кожны раз. Нічога, вядома, не змянялася, але побач з некаторымі пазіцыямі стаялі прочыркі. Як звычайна, не было маянэзу. Але з’явіўся і новы дэфіцыт — навагоднія паштоўкі. Свята набліжалася, і нягледзячы на ліміт (па дзве ў рукі), паштоўкі адразу скончыліся. Нічога, намалюем самі.
Гэтым разам яму невыносна захацелася…
— Мужыкі, давайце згушчонкі возьмем? Каву будзем, як арыстакраты, піць.
Мужыкі замыкалі ўхвальна, хоць для іх пара пачкаў «Астры» была б лепш.
— Толькі так! Я вазьму два пачкі — адзін для сябе, адзін для ўсіх. ОК?
Вядома, ніхто не пярэчыў. Стала спакайней.
Два дні, пакуль не прынеслі атаварку, ён уяўляў, як есць згушчонку. Зручна, што яна ў пакетах з накрыўкай-адкруткай: можна хоць пад коўдрай прысмактацца. Не тое каб ён саромеўся, але неяк нязручна было піць згушчонку пры ўсіх.
Калі згушчонка прыйшла, ён адразу схапіў «свой» пакет і схаваў у кэшар. Адкрываць не стаў, каб адцягнуць задавальненне. Гэта будзе самы смачны пачак згушчонкі ў яго жыцці!
Мужыкі радаваліся цыгарэтам і дзялілі іх на порцыі, каб хапіла на даўжэй. А вось са згушчонкай досведу не было, і арыстакраты-пачаткоўцы змаглі выпіць кавы з малаком толькі адзін раз.
Пасля гэтага ён пратрымаўся яшчэ два дні.
— Опа! — жэстам штукара ён дастаў з кэшара пакет. — Ну што, мужыкі. Мы зноў арыстакраты.
Мужыкі ўхвальна загудзелі, хоць «Астра», вядома, была б лепш. А ён еў самую смачную згушчонку ў сваім жыцці».

Каша з водарам дома, салата з цыбулі па бабуліным рэцэпце і торт

Былы палітвязень, які нядаўна вызваліўся з калоніі, падзяліўся з «М*дыязонай» рэцэптамі на ўмовах ананімнасці. Паводле яго слоў, у калоніі ў параўнанні з СІЗА і ІЧУ ежы хапала і яна была прымальнай. А вось часу і магчымасці гатаваць нешта самастойна практычна не было. Палітычным асуджаным адміністрацыя стварала ўмовы, у якіх не было часу нават напісаць ліст родным. Але асуджаныя час ад часу ўсё-ткі гатавалі — торты для святкаванняў або шматкі з сальцісонам, каб звыклая каша мела водар хатняй. А яшчэ — салату з цыбулі па бабуліным рэцэпце.
Рэцэпт (каша)Заліць любыя шматкі кіпнем у кантэйнеры, набытым у турэмным краме. Дадаць пакрышаны сальцісон. Можна дадаць парэзанае сала.
Рэцэпт (торт)Набор бісквітных каржоў з турэмнай крамы змазаць самаробным крэмам. Для крэму — два пачкі тварагу, бляшанка згушчанага малака, кубачак ёгурту, какава. Зверху ўпрыгожыць торт глазурай. Для яе спатрэбіцца распусціць на вадзяной лазні дзве пліткі шакаладу, дадаць палову пачка сметанковага масла. Можна ўпрыгожыць арэхамі і сухафруктамі. Гатоваму торту даць настаяцца некалькі гадзін.
Рэцэпт (салата з цыбулі)Дробна парэзаную рэпчатую цыбулю замарынаваць у сланечнікавым алеі з соллю і прыправамі. Даць пастаяць — гэтак цыбуля перастане быць горкай. Падаваць з хлебам.

Торт «Удар па печані»

Праваабаронца «Вясны» Марфа Рабкова, асуджаная на 15 гадоў пазбаўлення волі па 10 крымінальных артыкулах, падзялілася ў адным з лістоў рэцэптам торта, які яна гатавала ў СІЗА.
РэцэптЗаварыць у невялікай колькасці вады каву 3 у 1 або какаву. У каве намачыць печыва, выкласці першы слой. Зверху нанесці крэм (сметанковае масла, змяшанае са згушчаным малаком і какавай). Слой крэму пасыпаць тоўчанымі арэхамі і халвой, накрыць слоем печыва, змочанага ў каве, і гэтак далей. Упрыгожыць торт можна любымі прысмакамі.
«Торт атрымліваецца сапраўды смачны, але гэта ўдар па печані. Бо на крэм сыходзіць у сярэднім 1,5 пачка масла», — пісала Марфа.