Ваеннага аналітыка Ягора Лебядка асудзілі?

Пракуратура паведаміла пра прысуд у 5 гадоў турмы грамадзяніну Л. за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Выглядае, што гаворка пра Ягора Лебядка.

lebiadok1_1.jpg

Пракуратура Мінскай вобласці падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе ў дачыненні да 40-гадовага жыхара Смалявіцкага раёна Л., якому інкрымінавана «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», перадае прэс-служба ведамства. Паводле факталагічных супадзенняў, асуджаным з’яўляецца вайсковы аглядальнік Ягор Лебядок.  

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні, грамадзянін Л. у красавіку і маі 2022 года з персанальнага камп'ютара, што знаходзіўся ў яго карыстанні «для забеспячэння дзейнасці публічнага канала, інфармацыйная прадукцыя якога прызнана судом экстрэмісцкімі матэрыяламі», даў інтэрв'ю прадстаўніку рэсурсу на тэму правядзення Узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі «спецыяльнай ваеннай аперацыі» на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Рэспублікі Беларусь.

«Гэтае інтэрв'ю садзейнічала распаўсюджанню ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы нашай краіны, што дыскрэдытавала Рэспубліку Беларусь, — канстатуе пракуратура Мінскай вобласці. — З улікам абнародаваных дзяржаўным абвінаваўцам доказаў судовая калегія па крымінальных справах Мінскага абласнога суда вынесла абвінаваўчы прыгавор. На падставе ч.1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса грамадзяніну Л. па сукупнасці злачынстваў прызначана канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 5 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму».


Удакладняецца, што ў адпаведнасці з арт. 46-1 Крымінальнага кодэкса персанальны камп'ютар абвінавачанага як «сродак учынення злачынстваў бязвыплатна канфіскаваны ў даход дзяржавы».

Прысуд яшчэ не набыў законнай сілы, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Як прагназавала раней служба маніторынгу БАЖ, пацвердзілася дапушчэнне, што на вайковага аналітыка Ягора Лебядка сапраўды «павесілі» некалькі інтэрв’ю інфармацыйным рэсурсам, прызнаным беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Ад пачатку фармальнай падставай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у праграмах «Еўр*радыё». Хоць пры гэтым і быў праігнараваны прынцыповы момант: Ягора Лебядка затрымалі на тыдзень раней, чым радыёстанцыя атрымала «экстрэмісцкі» статус.

Падобна, што далей следчыя вывучалі, дзе яшчэ той выступаў з каментарамі на ваенную тэматыку, каб пакараць за кожную асобную рэпліку. У прыватнасці, праўладныя тэлеграм-каналы наўпрост сцвярджалі, што кожнае новае з’яўленне на пляцоўцы «экстрэмістаў» утварае асобны склад злачынства.

40-гадовага Ягора Лебядка затрымалі 13 ліпеня ў родных Смалявічах. Спачатку арыштавалі на 15 сутак за «непадпарадкаванне міліцыі» (паводле арт. 24.3 КаАП), але пасля адбыцця тэрміну на волю ён так і не выйшаў — пачалі крымінальную справу на падставе артыкула 361-4. Ад таго часу вайскова-палітычны аглядальнік знаходзіўся ў СІЗА №1 Мінска.

Праваабарончая супольнасць прызнала Ягора Лебядка палітычным вязнем.


Зрэшты, гэта не адзінае, чым рэжым адказаў на дзейнасць вайсковага аглядальніка. 21 верасня Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў прозвішчы вышэйшых і малодшых афіцэраў, пазбаўленых ранейшых званняў. Маўляў, гэта адказ на «ўчыненыя злачынствы, правапарушэнні і дыскрэдытавальныя правіны, несумяшчальныя са статусам ваеннаслужачага, работніка органаў пракуратуры». Як можна здагадацца, гаворка пра публічнае асуджэнне гвалту сілавікоў у 2020 годзе.

У спісе «адзначаных» і старшы лейтэнант запасу Ягор Лебядок — адзін з найбольш дасведчаных адмыслоўцаў сваёй справы, сталы каментатар шэрагу незалежных СМІ. Асабліва яго меркаванне стала запатрабаваным з пачаткам маштабнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Нягледзячы на патэнцыйную небяспеку, ён заставаўся ў Беларусі.  

Ягор Лебядок — колішні лаўрэат прэзідэнцкай стыпендыі таленавітым маладым навукоўцам-кандыдатам навук ва ўзросце да 35 гадоў. Ён скончыў фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Пачынаў інжынерам-тэхнолагам прадпрыемства «Інтэграл», праходзіў службу афіцэрам у 120-й Рагачоўскай механізаванай брыгадзе на пасадзе камандзіра ўзвода.

Ад 2008 года — малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі НАН Беларусі, намеснік загадчыка лабараторыі оптаэлектронікі і галаграфіі.

Абараніў дысертацыю «Аптымізацыя параметраў лазерных дыёдных лінеек» на атрыманне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук. Паралельна атрымаў другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Аўтар дзясяткаў артыкулаў па фізіцы паўправаднікоў, лазернай фізіцы і оптаэлектроніцы.


У 2019 годзе стварыў Тэлеграм-канал @Lebiadok — незалежную пляцоўку пра вайсковую бяспеку Беларусі. Рэгулярна выступаў у незалежных беларускіх і замежных выданнях.  

Падчас драматычных падзей 2020 года падпісаў зварот прадстаўнікоў навуковай грамадскасці ў сувязі з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і наступнымі мірнымі пратэстамі.

Пасля выхаду пасквіля ў газеце «Советская Белоруссия» звольнены з навукова-вытворчага аб’яднання «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка».

Паводле прэс-службы БАЖ