У Смалявічах затрымалі ваеннага эксперта Ягора Лебядка
Прычына затрымання ваенна-палітычнага аглядальніка Ягора Лебядка не ўдакладняецца.
Пра тое, што ў Смалявічах затрымалі ваеннага аглядальніка Ягора Лебядка, паведаміў тэлеграм-канал, які публікуе спісы затрыманых.
Прозвішча ваеннага эксперта з'явілася сярод тых, каго затрымалі з 11 па 13 ліпеня. Дата нараджэння і імя па бацьку, якія прыводзіць тэлеграм-канал, супадае з данымі Ягора Лебядка, адзначае Медыязона.
Прычына затрымання не ўдакладняецца.
Ягор Лебядок вучыўся на фізічным факультэце БДУ. У 2005-2007 гадах праходзіў службу ў 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на пасадзе камандзіра ўзвода. Працаваў у Інстытуце фізікі АН РБ, кандытат фізіка-матэматычных навук.
З 2010 па 2014 гады быў дэпутатам Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання ад Жодзінскай выбарчай акругі №1.
Ягор Лебядок выступаў у розных СМІ ў якасці ваеннага эксперта. На яго тэлеграм-канал пра ваенную бяспеку падпісаныя 11 тысяч чалавек.
Апошнім часам Ягор Лебядок шмат разважаў пра вайну. У тым ліку каментары эксперта змяшчалі і СМІ, прызнаныя экстрэмісцкімі.
Ён адзначаў, што «пацыфізм у нашых умовах недапушчальны. Гэта безумоўна». Аднак адзначаў, што ў беларускім грамадстве няма падтрымкі кіраўніцтва краіны. Не толькі з-за 2020 года, але і з-за таго, што Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны. «Праблема не толькі падтрымліваць войска, але і за каго ваяваць? За Лукашэнку? За Беларусь? Беларусь — не Лукашэнка. Многіх беларусаў яго палітыка не задавальняе. Тым больш, што яна можа прывесці да разбурэння нашых гарадоў».
Нядаўна эксперт адзначаў, што ўдзел Беларусі ў вайне не скончыўся. А планы па Кіеве ў расіян — перакінуць групоўку ў Беларусь і атакаваць Кіеў — засталіся. «Мяркуючы па тым, як усе актыўна ўзяліся, гэта на канец ліпеня — пачатак кастрычніка», — прагназаваў тэрміны новай эскалацыі эксперт. І казаў, што вайна можа пачацца і на нашай тэрыторыі.