Ягор Лебядок: Навошта палітыка знішчэння самасвядомасці беларускага народа праводзіцца і каму выгадная?

«Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» вельмі добра праілюстраваў стаўленне тых, хто ўтрымлівае ўладу, да беларускага народа i яго сучаснасцi», — разважае Ягор Лебядок на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

scale_1200_38.png

У законе, дакладней, пакуль яшчэ законапраекце, генацыдам беларускага народа лічацца здзейсненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынствы, накіраваныя на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа шляхам забойства і іншых дзеянняў, што прызнаюцца генацыдам у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і нормамі міжнароднага права. Для мэт гэтага закона пад беларускім народам разумеюцца савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі БССР у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) перыяд да 31 снежня 1951 года.

Такім чынам, на думку тых, хто напiсаў гэты закон, забойства нацысцкімі злачынцамі беларусаў у перыяд ВАВ, напрыклад, у Смаленскай ці Бранскай абласцях, ці Польшчы — гэта не генацыд беларусаў. Забойства на тэрыторыі Беларусі беларусаў, якія не мелі грамадзянства савецкага — таксама не генацыд беларускага народа на іх думку.

Нават па прадстаўленай форме — гэта закон не аб генацыдзе, а аб злачынствах супраць савецкіх грамадзян на тэрыторыі БССР. Генацыд, напрыклад, яўрэяў быў экстэрытарыяльным і забойствы яўрэяў у Беларусі ці ў Германіі разглядаюцца ў рамках генацыду народа, паколькі мэта стаяла ў знішчэнні менавіта народа, а не грамадзян нейкай краіны. У нас жа заканадавец абмежаваўся насельніцтвам тэрыторыі, а не народам! Гэта цалкам адпавядае ўсёй палітыцы на працягу 27 гадоў, калі беларусы — гэта рускія са знакам якасці, калі незалежнасць “гэта не наша віна” і ў духу плачу аб распадзе СССР. Што пацешна, тыя прапагандысты, што абураюцца распадам СССР (у вынiку чаго паўстала сучасная незалежная Беларусь) і вінавацяць у гэтым дэмакратаў, захад і г.д., у гэты ж час падаюць сябе як змагароў за незалежнасць Беларусі i вучаць беларусаў як Беларусь любіць!

266452544_2313382472136012_777130052167845471_n.jpg


Таксама фармулёўка ўтрымлівае маніпуляцыю пра нацыяналістычныя арганізацыі. Няма канкрэтыкі, якія менавіта арганізацыі маюцца на ўвазе: украінскія, польскiя, беларускія? Беларускія нацыяналісты, якія планамерна забіваюць беларусаў, гэта па вызначэнні не нацыяналісты. Зроблена гэта зноў жа наўмысна, як робіцца апошнія два дзесяцігоддзі — атаясамленне ўсяго нацыянальнага з забойствамі, злом і г.д. Вядома, тут пытанне не ў гісторыі, а ў сучаснасці. Так ідэалагічнай машыне прасцей на ўсіх, хто лічыць сябе нацыяналістамі (не нацыстамі, не варта блытаць паняцці), выступае за захаванне беларускай культуры, мовы, спадчыны і самастойнасць у сусветнай палітыцы, можна было павесіць цэтлік забойцаў і злачынцаў, маўляў, калі яны прыйдуць да ўлады, то будуць забіваць, рабаваць ды да т.п.

Навошта такая палітыка знішчэння самасвядомасці беларускага народа праводзіцца і каму выгадна, каб беларусы перасталі сябе ўсведамляць народам, а перайшлі на ўзровень проста нейкіх грамадзян ці насельніцтва тэрыторыі? Напэўна, як прагучала на гэтым тыдні, палякам, «якія жадаюць усю Беларусь у склад Рэчы Паспалітай». Але ўсё ж таму, для каго распад СССР «стаў трагедыяй і распадам гістарычнай Расіі». За знішчэнне самасвядомасці ў беларускага народа не шкада і фінансавай дапамогі і падтрымкі, паколькі ў даляглядзе аднаго-двух пакаленняў гэта істотна палягчае задачу ўстойлівай інкарпарацыі Беларусі, не трэба ніякіх войскаў уводзіць і потым несці за гэта выдаткі.