Лебядок: Маральнае права нанясення ўдару ў адказ па расійскіх войсках у Беларусі ва ўкраінцаў застаецца

Ваенны эксперт перакананы, што вайна Расіі супраць Украіны будзе доўгай.

leb16.jpg

 Ваенныя дзеянні ва Украіне зацягнуцца вельмі надоўга. Пры гэтым перапынак у баявых дзеяннях можа наступіць, нават на паўгода-год, але вайна будзе працяглай,— зазначыў беларускі ваенны эксперт Ягор Лябядок у эфіры Еўр*радыё. — Занадта вялікія дамаганні абодвух бакоў. Ва ўкраінцаў, натуральна, гэта забеспячэнне сваёй незалежнасці і здабыццё тэрытарыяльнай цэласнасці.
Для расійцаў гэта сітуацыя, калі вось мы ўлезлі і трэба да канца адабраць усё, што яны лічаць сваім.
Тут пытанне толькі ў тым, калі бакі прыйдуць да некаторага знясілення, якое запатрабуе перагрупоўкі сіл, эканамічнага аднаўлення і г.д. Плюс будзе гуляць ролю знешняя палітыка, у прыватнасці тое, як расіяне будуць лавіраваць на тэме паставак газу, нафты і іншых аспектаў бяспекі.
У такі перыяд можа быць абвешчана нейкае перамір'е. Але спынення вайны я не бачу да аднаўлення Украінай поўнай цэласнасці сваіх тэрыторый альбо да сур'ёзных трансфармацый у расійскім кіраўніцтве і пераарыентацыі палітыкі Расіі ўсё ж такі на сябе.
Ваенны эксперт лічыць, што ўкраінцы падчас вайны мелі і маюць поўнае права нанесці ўдар у адказ па расійскіх войсках на тэрыторыі Беларусі, і тлумачыць, чаму яны гэтага не робяць.
— З пункту гледжання ваеннай стратэгіі гэта было б дакладнае рашэнне. Але ўкраінцы дэманструюць тое, што вядуць выключна абарончую вайну за незалежнасць сваёй дзяржавы, з захаваннем такой, скажам, культуры, маўляў, вы на нас напалі, мы не будзем гэтага рабіць, проста сыдзіце, і ніхто вас не кране.
Гэта дэманстрацыя палітычнай волі і напрамкі дзеянняў насуперак усім абвінавачванням у агрэсіі на адрас Украіны. Яны не нападаюць нават у адказ!
І гэта ідзе насуперак усім заявам Пуціна і Лукашэнкі пра нібыта рыхтаваныя напады. З палітычнага гледзішча гэта абсалютна правільнае рашэнне. Яно дазваляе выбудоўваць эфектыўную камунікацыю на міжнароднай арэне.
Хоць, безумоўна, маральнае права нанясення ўдару ў адказ па расійскіх войсках, якія білі па Украіне, ва ўкраінцаў было і застаецца, — падкрэсліў Лябядок.