«Стаўленне да людзей у пагонах сфарміравалася не за адзін дзень». Затрыманы Вадзім Жаромскі — муж Марфы Рабковай

Затрыманне адбылося ўчора раніцай у яго дома. Прычыны пакуль невядомыя

photo_2022_12_23_13_00_03.jpg

Польскае радыё паведаміла, што паводле папярэдняй інфармацыі, затрымлівалі Вадзіма Жаромскага супрацоўнікі ГУБАЗіКа.


Вадзіма Жаромскага арыштоўвалі і раней. Так, напрыклад 2015 годзе на яго завялі крымінальную справу з-за патрыятычных графіці. Вячаслава падчас затрымання тады сілавікі збілі так, што ён апынуўся шпіталі. Тады Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Яраслаў Ульяненкаў і Вячаслаў Касінераў былі падазраванымі ў нанясенні беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкаванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.


Тады ж, у 2015-м годзе, хлопец крыху распавёў праваабарончай ініцыятыве пра сябе і свае захапленні.

— Я нарадзіўся і вырас у Смаргоні. — Пасля школы 4 гады навучаўся ў Вільнюсе ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на факультэце Міжнароднага права, але на няпэўны час вырашыў прыпыніць там вучобу.

— Ці былі ў дзяцінстве ў вас нейкія творчыя памкненні?

— Бацька і маці з дзяцінства вучылі мяне маляваць, але прафесійна гэтаму не навучаўся. Дзядуля, які быў дырэктарам вясковай школы і па сумяшчальніцтву настаўнікам (у тым ліку, і малявання), паказваў, як можна зляпіць посуд з гліны, як рэзаць па дрэве. Мне гэта было цікава.

— Акрамя гэтага многія ў школе захапляюцца спортам…

— У гэтым плане я не выключэнне. Шэсць гадоў займаўся барацьбой, пасля 2 гады аддаў ушу. Да таго ж, мой бацька ў маладосці шмат гадоў займаўся боксам і каратэ, таму перадаваў свае веды і мне.

— Палітычнай барацьбой не цікавіліся?

— Цікавіўся, натуральна, і ўжо ў 16-гадовым узросце пачаў займацца актывісцкай дзейнасцю. Я стараўся разабрацца ў тым, што адбываецца наўкол, зразумець, чаму такая несправядлівасць. Разумеў, што можна ў меру сваіх магчымасцей гэты свет змяняць у лепшы бок. Я дзейнічаў у моладзевым крыле БНФ, але з маім унутраным светапоглядам гэтая партыя і блізкія ёй структуры не рэзаніравалі. Таму вырашыў, што дзейнічаць неабходна па-за нейкіх арганізацый, платформа якіх, на мой погляд, носіць аўтарытарны характар.

— Наколькі вядома, у арміі вы не служылі…

— Так. Па-першае, я — строгі вегетарыянец (веган), таму ў арміі не змог бы атрымліваць дастатковае і здаровае харчаванне. Не ўжываю ў ежу мяса ўжо каля 5 гадоў. Не разумею, як у нашым грамадстве, якое называе сябе хрысціянскім, не прыйшло ўсведамленне таго, што есці мяса — гэта аб’ектыўнае зло. Людзі ўспрымаюць мяса выключна, як тавар у краме. Але ж за ім стаіць забойства, кроў жывых істот. Смерць пераўтварылася ў звычку. Можна правесці паралелі нават з вайной. Вайна ў эфіры ўсіх тэлеканалаў, ва ўсіх СМІ таксама стала звычкай. Яна стала паўсядзённасцю, а смерць — проста абстракцыяй.

— Аднак вернемся да вашых узаемаадносінаў з ваенкаматам.

— У ваенкамаце, напэўна, палічылі, што з-за “схільнасці да настойлівага выказвання і навязвання ўласнага меркавання” я не адаптуюся да ваеннай службы. Да таго ж, усіх вельмі цікавіла “моцна татуіраванае цела неадназначнымі малюнкамі і надпісамі”, што, на думку вайскоўцаў, выходзіць за межы нармальнасці. На пытанне, што ж неадназначнага ці негатыўнага ў татуіроўцы “Трымай яснасць свядомасці”, мне так ніхто і не адказаў.

— Адным словам, у вас — супрацьстаянне з агрэсіўнай большасцю?

— На жаль, фокус пабудовы сучаснага грамадства заключаецца ў тым, што дзяржава дае права менавіта агрэсіўнай большасці, якая, як мне падаецца, знаходзіцца ў інтылектуальнай агоніі. Тым, каму няма чаго сказаць навакольным людзям. Тым не менш, яны забыліся, што менавіта вуліца з’яўляецца цудоўнай медыйнай пляцоўкай, якая дае магчымасць выказацца тым, у каго голас аднялі. На вуліцы ўсё больш шчыра.


— Увогуле, як вы прыйшлі да графіці? Што гэта для вас: самавыяўленне, творчая рэалізацыя?

— Першае знаёмства з графіці адбылося дзесьці 15 гадоў таму. Мае сябры малявалі і, можна сказаць, жылі гэтым. Тады і я зразумеў для сябе, што графіці — не бессэнсоўны вандалізм, у чым стараюцца пераканаць грамадства. Графіці — гэта адна з формаў мастацтва, якая нясе ў сабе і элемент дзёрзасці, і творчай рэалізацыі.

Мы — толькі рэтранслятары ўласнага меркавання і нашых пачуццяў. Акрамя таго, мастак — гэта ў некім сэнсе лекар. Яго задача — ускрываць раны грамадства. Напрыклад, графіці “Рэвалюцыя свядомасці”, па нашым глыбокім перакананні, нясе цалкам пазітыўны мэсідж. Рэвалюцыя свядомасці — пераацэнка каштоўнасцей, пераадоленне асабістых бар’ераў. У чалавека павінен быць запушчаны працэс самааналізу, якія дазваляе зрабіць нейкія ўнутраныя адкрыцці. Яны дадуць магчымасць больш поўна ўспрымаць жыццё. Тады чалавек зразумее, што ён не проста існуе для таго, каб паесці, схадзіць на працу і, у рэшце рэшт, памерці. Рэвалюцыя свядомасці робіць людзей свабоднымі. Свабода — гэта парадак, адказнасць, поўная самаддача і вышэйшая мэта. Аднак, на жаль, свабоду многія разумеюць у вельмі вузкім сэнсе. Людзі думаюць, што свет круціцца вакол іх, а жыццё на планеце існуе выключна дзеля іх неабходнасцей…

Вось што мы хацелі сказаць, калі малявалі графіці. Але чамусьці ўбачылі не сутнасць, а толькі тое, што пажадалі ўбачыць. А менавіта слова “рэвалюцыя”. Праўда, забыліся, што ў Мінску ёсць і вуліца Рэвалюцыйная, і святы ладзяцца ў гонар рэвалюцыі, якая на самай справе была з рэальнымі ахвярамі, крывёй і насіллем. Праўда, на гэта ўвагу ніхто не звяртае.

— Ці былі іншыя малюнкі ля вашых графіці? Як лічыце, чаму за іх не завялі крымінальныя справы?

— У месцах, дзе мы малявалі, было мноства іншых графіці і надпісаў. Пры гэтым некаторыя ўтрымлівалі табуіраваную лексіку. Пасля таго, як была заведзена крымінальная справа, невядома кім было намалявана шмат непатрэбства. Узнікае пытанне: дык што тады злачынства? Акуратны малюнак, які напоўнены пазітыўнай сэнсавай нагрузкай ці лаянка, якой малюнак быў сапсаваны?


— А навошта кінулі фарбу ў банер з міліцыяй?

— Кінуў таму, што ў мяне сваё стаўленне да людзей у пагонах, якое сфарміравалася не за адзін дзень. Напрыклад, у 2007 годзе мяне збілі міліцыянеры. Я хацеў прыцягнуць іх да адказнасці, але ў пракуратуры мне паведамілі, што два дзясяткі цялесных пашкоджанняў я пакінуў на сабе сам. Так, я не люблю міліцыю, але якое ж тут хуліганства? Банеры былі сапсаваны не таму, што мы нематываныя хуліганы.

— Напрыканцы яшчэ крыху распавядзіце пра сябе. Вы — прыхільнік Straight Edge? Чаму?

— Так, я не ўжываю алкаголь і не палю цыгарэты таксама каля 5 гадоў. Упэўнены, што ўжыванне алкагольных напоеў не з’яўляецца асабістай справай кожнага чалавека. Паглядзіце, колькі злачынстваў адбываецца на гэтай глебе! Таму не павінна быць эгаістычнага “гэта — справа кожнага асабіста”. Калі не будзе раўнадушша, тады стане і менш пакалечаных лёсаў.

Больш за ўсё мяне ўражвае так званы “адпачынак на прыродзе”, калі дарослыя не саромеюцца пры дзецях піць, паліць, пакідаюць пасля сябе гару смецця. Дзеці ж думаюць, што так і патрэбна. Дык, калі вы пра сябе не думаеце, то падумайце пра будучае пакаленне.