«Крышацца зубы, стараецца есці максімальна асцярожна». Муж Марфы Рабковай распавёў пра яе здароўе

Муж палітзняволенай Марфы Рабковай Вадзім Жаромскі распавёў, што вядома пра справу, у якім фізічным і эмацыйным стане Марфа цяпер, паведамляюць праваабаронцы.

photo_2022_04_09_10_29_26.jpg

— Праблем са здароўем у Марфы шмат, — сказаў Вадзім Жаромскі. — Крышацца зубы, піша ў лістах, што стараецца есці максімальна асцярожна, каб цалкам не разваліліся зубы, адпаведны і настрой. У яе павялічаныя лімфавузлы, у зняволенні некалькі разоў хварэла на ковід, відавочна ідуць запаленчыя працэсы, ад таго і лімфавузлы. Выявілі вадкасць у малым тазе, гэта таксама сведчыць пра запаленчыя працэсы. Са шчытавіднай залозай праблемы. Шмат праблем у яе са здароўем, але вылечыць гэта ўсё можна будзе толькі на свабодзе.

Адкрытым суд будзе 5-10 хвілін, затым працэс закрыюць, гэта 100%. Настройваем сябе на не вельмі добры вынік, ілюзій не маем.

Нагадаем, судовы працэс над каардынатаркай валанцёрскай службы «В@сны» Марфай Рабковай, валанцёрам Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі пачнецца 25 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе. Усім абвінавачаным пагражаюць вялікія тэрміны зняволення.