Аляксандр Ярашук: «Галоўнае – ліквідаваць прычыну санкцый…»
Старшыня «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» Аляксандр Ярашук заклікае афіцыйныя прафсаюзы скіраваць свае высілкі на тое, каб ліквідаваць найперш прычыну з’яўлення санкцый, а потым патрабаваць іх адмены, піша «Народная Воля».
У выніку ўвядзення Еўрасаюзам і ЗША эканамічных
санкцый супраць беларускіх кампаній пад абмежаваннямі аказаліся 22
прадпрыемствы. У санкцыйным спісе чатыры прамысловыя прадпрыемствы, якія маюць
стратэгічнае значэнне для эканомікі: «Гродна Азот», яго філіял «Завод
Хімвалакно», «Беларуснафта» і «Белшына». Адмыслоўцы схільныя лічыць, што з
пачатку свайго паўнацэннага дзеяння санкцыі істотна паўплываюць на беларускую
эканоміку.
Прафсаюзы Беларусі, у сваю чаргу, пачалі збор подпісаў пад адкрытым лістом у адрас Міжнароднай арганізацыі працы, рабочых і наймальнікаў іншых краін. Ліст змешчаны ў інтэрнэце. Нагадаем: у ім гаворыцца аб тым, што еўрапейскія чыноўнікі не маюць права абмяжоўваць правы работнікаў іншых краін. Увядзенне падобных мер у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў, на думку складальнікаў ліста, не з’яўляецца выказваннем патрабаванняў працоўных. Дарэчы, у змешчаным у сеціве закліку афіцыйных прафсаюзаў да грамадзян, каб яны ставілі свае подпісы пад лістом, удакладняецца, што гэта справа абсалютна добраахвотная. І нават даюцца адрасы, куды звяртацца, калі прымушаюць ставіць подпіс альбо, наадварот, не ставіць.
«Народная Воля» звярнулася да старшыні «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» Аляксандра Ярашука з просьбай пракаментаваць сітуацыю.
Паводле слоў спадара Ярашука, прафсаюзы нідзе ў свеце не заклікаюць да санкцый, паколькі гэта супярэчыць іх мэтам. А таму дзіўным найперш з’яўляецца адрасат, да якога звяртаюцца беларускія афіцыйныя прафсаюзы. На яго думку, больш істотна тое, як ліквідаваць прычыну ўвядзення санкцый супраць беларускіх прадпрыемстваў.
— А прычына добра вядомая — гэта рэпрэсіі супраць рабочых, захоп самалёта з грамадзянамі Еўрасаюза, гэта міграцыйныя атакі на суседзяў з Еўрасаюза, — удакладняе Ярашук. — І зразумела, што нельга адмовіць і краінам Еўрасаюза ў адстойванні сваіх межаў і ўласнай бяспекі.
Аляксандр Ярашук трымаецца думкі, што ўлады павінны неадкладна пачаць дыялог з апанентамі, якім бы цяжкім ён ні быў, і сумесна дамаўляцца, як выходзіць з гэтага вострага палітычнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу.
— Калі гэта будзе адбывацца, то можна спадзявацца на тое, што і мы будзем пачуты іншымі краінамі, якія ўвялі санкцыі, — перакананы Ярашук. — Выйсце у гэтай сітуацыі адно — нацыянальны дыялог. Іншага папросту няма.
Што датычыцца таго, як збіраюцца подпісы, кіраўнік «Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў» кажа, што ў дадзенай сітуацыі кожны чалавек павінен сам вырашаць, як яму паступаць.
— Да нас калі і звяртаюцца людзі са скаргамі на прымус, то толькі з умовай, каб ні ў якім разе не называлі прозвішча, — канстатуе Ярашук. — Але калі ніхто не будзе называць прозвішча, то ніхто і рабіць нічога не будзе, бо ад імя каго тады рабіць?
На жаль, паводле слоў Ярашука, людзі ў дадзенай сітуацыі працягваюць баяцца, хаця праз гэтую боязь могуць згубіць усё ў сваім жыцці.