Кіраўнік МЗС Літвы: не выключана, што транзіт беларускіх грузаў пяройдзе да Латвіі
Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс не выключае, што транзіт беларускіх грузаў можа перайсці да Латвіі, калі ўгнаенні «Беларуськалія» не змогуць пастаўляць праз Літву, піша газета «Белорусы и рынок».
У чацвер, 16 снежня, Ландсбергіс сказаў, што суседнія краіны ўжо абмеркавалі такую магчымасць.
«Давялося абмяркоўваць з Латвіяй, такая магчымасць існуе. У мяне была магчымасць сказаць, што ў Літве гэта зразумелі б з цяжкасцю, калі б братэрская краіна прыняла б такое рашэнне. Але такая магчымасць не выключаная, бо абавязковага санкцыйнага рэжыму няма», — цытуе міністра «Delfi».
Ён адзначыў, што сам латвійскі ўрад салідарны з рашэннем Літвы аб спыненні транзіту, краіны абменьваюцца інфармацыяй, але, падкрэсліў Ландсбергіс, усё ж гэтым можа скарыстацца прыватны бізнес у Латвіі.
«Гэтыя пастановы ад урада Латвіі не залежаць. Урад спрыяльна настроены і схільны да супрацоўніцтва. Але ёсць і прыватныя кампаніі, якія бачаць, што юрыдычных наступстваў няма, таму могуць займацца бізнесам так, як ім хочацца», — сказаў міністр.