Журналіста Яўгена Меркіса змяшчалі ў карцар
Гомельскі краязнаўца і журналіст Яўген Меркіс правёў чацвёра сутак у карцары СІЗА-3.
![Яўген Меркіс. Фота з сацсетак Яўген Меркіс. Фота з сацсетак](/img/v1/images/jauhen_merkes.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яўген Меркіс. Фота з сацсетак
Палітвязня пакаралі жорсткімі ўмовамі ўтрымання за тое, што «не пагаліўся». Цяпер, паводле інфармацыі «Штодня», ён знаходзіцца ў звычайнай камеры, адчувае сябе нармальна.
Што вядома на гэты момант па справе журналіста? Ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Яго абвінавачваюць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4). Паводле гэтага артыкула, журналісту пагражае ад 2 да 6 гадоў зняволення.
![Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух журналістаў Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ двух журналістаў](/img/v1/images/225a3383_490d_4117_9e2b_657dd91525fc_w1023_r1_s_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Яўген Меркіс — журналіст, які асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фарміраваннямі Яўген займаўся краязнаўчай дзейнасцю.
13 верасня ў журналіста адбыўся ператрус, у яго канфіскавалі носьбіты інфармацыі, а самога Меркіса затрымалі. Таксама ператрусы прайшлі ў бацькі Яўгена і ў яго знаёмай. Праваабаронцы прызналі Яўгена палітвязнем.
Падтрымаць Яўгена можна лістамі на адрас: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Меркісу Яўгену Аляксандравічу