Журналісту і палітвязню Андрэю Пачобуту прызначылі дату суда
Андрэя Пачобута пачнуць судзіць 9 студзеня. Крымінальную справу будуць разглядаць у Гродзенскім абласным судзе.

Андрэя Пачобута абвінавачваюць
паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў,
накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па
прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйсненне наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер
абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды
нацыянальнай бяспецы»).
Справу журналіста-палітвязня, сябра беларускага «Саюза палякаў» пачнуць разглядаць у Гродне 9 студзеня. Суддзя — Дзмітрый Бубенчык.

Нагадаем, Андрэй Пачобут, разам з іншымі актывістамі «Саюза палякаў», быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Пазней вязням прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але журналіст адмовіўся.
За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыяльнай прыкмеце». У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыя назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у «Magazyn Polski», напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку, аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
4 кастрычніка КДБ дадаў журналіста ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
