Журналіста Андрэя Пачобута КДБ далучыў да спісу тэрарыстаў
У спісе асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», — новае папаўненне. Сярод іншых туды ўнесены і палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут

Акрамя Андрэя Пачобута, у «спіс, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», КДБ дадаў яшчэ чатыры чалавекі, паведамляюць праваабаронцы.
Гэта 37-гадовы Вячаслаў Курыльчык (абвінавачваецца паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса), 38-гадовы Дзмітрый Смаляроў (асуджаны паводле арт. 130 КК), 38-гадовы Максім Беляновіч (абвінавачваецца паводле арт. 130 КК) і 35-гадовы палітвязень Анатоль Яскевіч (асуджаны паводле арт. 130 КК).
Нагадаем, Андрэй Пачобут — гродзенскі журналіст і сябра «Саюза палякаў» у Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў межах «справы палякаў». Цяпер па гэтай жа справе пад хатнім арыштам утрымліваецца Анжаліка Борыс, а трох іншых затрыманых актывістак пазней выпусцілі з-за кратаў, дазволіўшы выехаць у Польшчу.

Спачатку Андрэя Пачобута трымалі пад вартай у СІЗА-1 на Валадарскага ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйсненне наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму»). Пазней Пачобут быў пераведзены ў жодзінскую следчую турму №8.
У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што Пачобут у медыя назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Акрамя гэтага яму інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020-м і тэкст у «Magazyn Polski», напісаны ў 2006 годзе і прысвечаны Анатолю Радзівоніку — аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
Увосень 2021 года Пачобут адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

У сярэдзіне жніўня 2022 года журналіст пачаў знаёміцца са справай. На гэта яму далі толькі месяц, а справа — аграмадная. Пачобут для таго, каб прачытаць як мага больш, нават адмовіўся ад абеду і чытаў матэрыялы з раніцы да вечара. У лісце да блізкіх палітвязень напісаў, што 5 верасня скончыў знаёміцца з матэрыяламі справы. Гэта значыць, неўзабаве адбудзецца суд.
Стала вядома, што палітвязню таксама выставілі абвінавачанне паводле арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»).
4 кастрычніка 2022 года КДБ дадаў журналіста ў спіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
