Прысуд па «справе БелаПАН»: ад 4 да 14 гадоў. БАЖ выказала пратэст
У Мінскім абласным судзе вынесены прысуд па «справе БелаПАН». Па ёй праходзілі журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, яго жонка Ірына Злобіна, былы дырэктар агенцтва Дзмітрый Наважылаў і галоўны рэдактар і дырэктар БелаПАН Ірына Леўшына. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
![belapan_1.jpg belapan_1.jpg](/img/v1/images/belapan_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Суддзя Вячаслаў Тулейка прысудзіў Андрэю Аляксандраву 14 гадоў калоніі, Ірыне Злобінай — 9 гадоў, Дзмітрыю Наважылаву — 6 гадоў, Ірыне Леўшынай — 4 гады калоніі.
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна абвінавачваліся ў падрыхтоўцы з 14 жніўня 2020 года па 12 студзеня 2021 года не менш за 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Так следства расцаніла аплату штрафаў і паслуг адвакатаў затрыманым падчас акцый лета і восені 2020 года.
Акрамя гэтага, яны абвінавачваліся ў аказанні дапамогі By_h*lp і яе прадстаўнікам у дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, што кваліфікавана як здрада дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК).
![Суд перанёс разгляд справы журналістаў на некалькі дзён «праз хваробу ўдзельнікаў». Лёс журналістаў-палітвязняў залежыць ад суддзі, які раней асудзіў да велізарных тэрмінаў анархістаў](/img/v1/images/belapan_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Андрэй Аляксандраў, Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў абвінавачваліся ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім. У паведамленні пракуратуры гаворыцца аб стварэнні фарміравання з ліку работнікаў ЗАТ «БелаПАН» і іншых асоб, якое ў 2020-2021 гадах размяшчала на інтэрнэт-рэсурсах ЗАТ «БелаПАН» матэрыялы, расцэненыя пракуратурай як экстрэмісцкія.
Нагадаем, «БелаПАН» было прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем па рашэнні КДБ у лістападзе мінулага года.
Андрэй Аляксандраў і Дзмітрый Наважылаў таксама абвінавачваліся ва ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку за люты 2015 года — красавік 2021 года (ч.2 арт. 243 КК). Шкода ацэнена ў суму блізу 450 тысяч рублёў.
![«Справа БелаП*Н» сфабрыкаваная Amnesty International назвала працэс па «справе БелаП*Н» сфабрыкаваным](/img/v1/images/photo_2022_06_06_16_22_39.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла, што ад першага дня пераследу лічыць крымінальную справу БелаПАН «цалкам палітычна матываванай».
«Прадстаўнікі выдання абсалютна законна выконвалі свае прафесійныя абавязкі і да самага арышту заставаліся прыкладам высокага стандарту беларускай журналістыкі. Мы перакананыя, што пераслед супрацоўнікаў БелаПАН прывёў да заўчаснай смерці ў 2018 годзе заснавальніка і кіраўніка інфармагенцтва Алеся Ліпая. Завядзенне крымінальнай справы і агромністыя выракі па “справе БелаПАН” — нішто іншае, як помста прадстаўнікам медыя за сумленную працу і пазіцыю», — гаворыцца ў заяве.
Беларуская асацыяцыя журналістаў «рашуча пратэстуе» супраць расправы над калегамі і патрабуе неадкладнага вызвалення не толькі супрацоўнікаў БелаПАН, але і ўсіх трыццаці прадстаўнікоў медыя, якія на сёння знаходзяцца за кратамі.
![Аляксандр Класкоўскі: Прынцыповая пазіцыя Ірыны Леўшынай — капітан павінен быць на караблі да апошняга Аляксандр Класкоўскі: Прынцыповая пазіцыя Ірыны Леўшынай — капітан павінен быць на караблі да апошняга](/img/v1/images/15977600_70944181587.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)