Гвалт і катаванні — безальтэрнатыўны спосаб утрымання ўлады. Але ўсе злачынцы паўстануць перад судом

Следчы камітэт у 2021 годзе паставіў кропку ў спадзевах на правасуддзе ў дачыненні да вінаватых у катаваннях беларусаў і спыніў праверку ў дачыненні да 5000 заяў пацярпелых ад гвалту сілавікоў

marsz_adzinstva_6__19__logo_1.jpg

На Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве адбылося пасяджэнне «Індэкс па катаваннях: Бягучая ацэнка выканання забароны катаванняў у краінах АБСЕ», пішуць праваабаонцы.

Працоўная група па барацьбе з катаваннямі Платформы грамадзянскай салідарнасці прадставіла замер Індэксу забароны катаванняў. Пра сітуацыю ў Беларусі на пасяджэнні распавёў праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка.

Беларусь заняла апошняе месца ў Індэксе забароны катаванняў для постсавецкіх краін

У Працоўную групу па барацьбе з катаваннямі Платформы грамадзянскай салідарнасці ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадскіх арганізацый з Беларусі, Украіны, Арменіі, Расіі, Польшчы, Казахстана, Кыргызтана, Малдовы і Таджыкістана, у якіх і палічылі Індэкс выканання забароны катаванняў. У спісе з дзевяці краін Беларусь знаходзіцца на апошнім месцы ўжо чацвёрты год запар.

За 2021 год і да гэтага моманту найвялікая колькасць балаў у Індэксе набрала Малдова, паказаўшы максімальны ўзровень выканання забароны катаванняў. Беларусь нязменна знаходзіцца на апошнім месцы з вынікам -92,8 бала. Расія набрала -28,86 бала.

Зборны паказчык утрымоўвае ацэнкі дзяржаўнага механізму рэагавання на катаванні, судовага кантролю, наяўнасці нормаў у нацыянальным заканадаўстве, якія забараняюць катаванні, узроўню забеспячэння працэсуальных гарантый, што працуюць на прэвенцыю катаванняў, механізмаў і сродкаў прэвенцыі катаванняў, якія працуюць у краіне, ступені прыняцця дзяржавай міжнародных абавязальніцтваў у галіне забароны катаванняў.

Гэтыя вымярэнні дазваляюць экспертам Працоўнай групы вызначыць групу праблем, якія павінны быць вырашаны ў прыярытэтным парадку сумеснымі намаганнямі ўрада і грамадзянскай супольнасці. 

«Катаванні сталі неад'емным атрыбутам пераследу іншадумцаў»

Пра сітуацыю з катаваннямі ў Беларусі на Канферэнцыі распавяў праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка:

«Беларусь — нязменны антылідар, займаючы апошні радок у рэйтынгу індэксу. І гэта заслужанае месца. Абсалютныя значэнні зменшыліся нават у параўнанні з «катавальным» 2020 годам з той прычыны, што тады ацэньваўся ўвесь год, і шматлікія працэсы ў праваўжыванні былі не да канца вызначанымі і выяўленымі.

Да пачатку выбарчай кампаніі 2020 года мы жылі ў адносна звыклай сітуацыі, хоць і тады канстатавалі поўную адсутнасць механізмаў абароны ад катаванняў, што і выявілася ў жніўні 2020-га. У жніўні і ўвосень 2020 года яшчэ праводзілася праверкі па фактах перавышэння службовых паўнамоцтваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў. Але ў 2021 годзе Следчы камітэт паставіў кропку ў спадзевах на правасуддзе ў дачыненні да вінаватых у катаваннях і спыніў праверку ў дачыненні да 5000 заяў, адмовіўшы ў завядзенні крымінальнай справы. Ніводная з праверак па заявах пра катаванні на дасудовай стадыі не скончылася пачаткам крымінальнай справы, а прысуды судом маглі абгрунтоўвацца паказаннямі, атрыманымі пад катаваннем. Катаванні і пагрозы катаваннямі сталі неад'емным атрыбутам пераследу іншадумцаў і супернікаў таталітарнага рэжыму ў Беларусі».

У якасці прыкладу праваабаронца прывёў гучныя справы пра катаванні палітзняволенай маці пяці дзяцей Вольгі Залатар, і валанцёркі «Вясны» Таццяны Батуры, якая хацела назіраць за судовым працэсам Вольгі

«Вольга Залатар — 38-гадовая маці пяцярых дзяцей. Асуджана за ўдзел у мірных сходах і стварэнне мясцовай супольнасці ў тэлеграме, дзе людзі абменьваліся меркаваннямі і збіраліся зрэдку разам дзеля ўсё тых жа гутарак на грамадска—палітычныя тэмы, з крытыкай улад. Прысуд — 4 гады пазбаўлення волі. Садысты з Упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю збівалі яе, каб атрымаць доступ да змесціва смартфона. Адваката Андрэя Мачалова, які бачыў сляды катаванняў і публічна заявіў пра катаванні, выключылі з калегіі за распаўсюд неправераных звестак, а затым асудзілі з надуманых падстаў. Валанцёрку «Вясны» Таццяну Батуру, якая хацела назіраць за судовым працэсам Вольгі Залатар, чатырохразова адвольна асудзілі на 15 сутак, з іх яна адбыла 46, перанесла збіванні, 13 дзён галадоўкі, 20 дзён карцару і смерць бацькі, была вымушана пакінуць краіну».

Праваабаронца «Вясны» заклікаў дэмакратычныя дзяржавы развіваць і шырока выкарыстоўваць магчымасці ўніверсальнай юрысдыкцыі для пераследу за катаванні. Суседнія краіны папрасіў не змяншаць увагу да праблемы катаванняў, «таму што любыя вонкавыя фактары і выключныя акалічнасці часта ахвотна выкарыстоўваюцца ўрадамі для звужэння галіны правоў і наступу на свабоды сваіх грамадзян — ці то гэта будуць меры па процідзеянні распаўсюду каранавірусу, ці то цяперашняя вайна». 

«Беларускія ўлады павінны паўстаць перад судом за здзейсненыя злачынствы»

На тое, якія могуць быць у гэтым кантэксце рэкамендацыі для Беларусі, Павел Сапелка адказаў, што іх практычна няма, бо няма суб'екта, які мог бы прымаць на сябе абавязальніцтвы ў галіне абароны правоў чалавека.

«Мы аб'ектыўна ўсведамляем, што гэтым суб'ектам не могуць быць цяперашнія ўлады, бо сёння гвалт і забароненае абыходжанне — гэта па сутнасці адзіны спосаб утрымання палітычнай улады, у якога няма для іх альтэрнатыў. Гэтыя ўлады павінны паўстаць перад судом за здзейсненыя злачынствы, у якіх ёсць усе рысы злачынстваў супраць чалавечнасці. Наша задача цяпер зводзіцца да фіксавання доказаў гэтых злачынстваў і адвакатаванне захадаў супраць беспакаранасці».