Аляксандр Класкоўскі: Прынцыповая пазіцыя Ірыны Леўшынай — капітан павінен быць на караблі да апошняга
«Па вялікім рахунку, ужо было бачна, што пачалася татальная зачыстка медыя і рана ці позна дойдзе чарга і да "БелаПАН"». Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў «БелаПАН», прыгадвае працу ў «БелаПАН» і называе Ірыну Леўшыну «жалезнай жанчынай».
Галоўны рэдактар і дырэктар «БелаПАН» Ірына Леўшына — у СІЗА. Яе падазраюць у нявыплаце падаткаў. У праекце «Прэса пад прэсам» калегі і родныя распавядаюць пра Ірыну.
Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў «БелаПАН»:
«Я пазнаёміўся з Ірынай, як толькі прыйшоў працаваць у "БелаПАН" — яшчэ напрыканцы мінулага тысячагоддзя. Я ўжо амаль што тры дзясяткі гадоў працую ў кампаніі.
Напачатку ў нас з Ірынай быў нават нейкі службовы канфлікт. Таму што я прыйшоў у новы калектыў са сваімі традыцыямі, нейкімі ўзаемаадносінамі. Патрэбны быў час, каб ва ўсе гэтыя нюансы ўвайсці. Памятаю, была вялікая спрэчка, то-бок не адразу склаліся таварыскія і сяброўскія адносіны.
Але я ад самага пачатку стаў цаніць яе прынцыповасць. З аднаго боку, у яе няма ніякага апломбу. Многія супрацоўнікі «на ты» звяртаюцца, ніякіх фармальнасцей, ніякіх цырымоній. Але гэта не значыць, што ў яе ў дачыненні да супрацоўнікаў ёсць нейкая паблажлівасць. Калі справа тычыцца працы, Ірына можа быць жорсткай, патрабавальнай, пайсці на прынцып ці нават на нейкі канфлікт, праводзіць сваю лінію.
Апошнія месяцы Ірына ўзваліла на сябе дадатковую ношу: яна ўжо даўно працавала галоўным рэдактарам, а тут ёй давялося стаць яшчэ і дырэктарам «БелаПАН», калі папярэдні — Дзіма Наважылаў — звольніўся па ўласным жаданні. Ён таксама патрапіў пад гэты замес і таксама цяпер арыштаваны. Канешне, Ірыне было цяжка адначасова быць і галоўным рэдактарам, і дырэктарам. І гэта проста не ўкладваецца ў галаве, як яна ўсё паспявала.
Уся рэдактарская праца была на ёй, яна шліфавала гэтыя нататкі, вяртала на дапрацоўку, прыдумляла загалоўкі і г. д. Ну і ўся арганізацыйная, менеджарская праца. Адчувалася моцнае напружанне, таму што, па вялікім рахунку, ужо было бачна, што пачалася татальная зачыстка медыя і рана ці позна дойдзе чарга і да «БелаПАН».
Я не першы, хто кажа ў звязку з гэтым, што Ірына — проста жалезная жанчына. Яна сама мне прызнавалася, што ёй неаднойчы настойліва раілі з'ехаць з Беларусі. Але прынцыповая была пазіцыя Ірыны, што капітан павінен быць на караблі да апошняга. Як мы бачым, яно так і адбылося, што яна да апошняга выконвала свае абавязкі.
Канешне,
без Ірыны рэдакцыі вельмі цяжка. Гэта ўдар па «БелаПАН»: і арышт Ірыны, і
ператрусы на кватэрах супрацоўнікаў і ў офісе. Сілавікі забралі тэхніку: той
сервер, які быў у офісе і, галоўнае, сервер з «Белтэлекама», на якім месціцца сам
сайт. Кампанія працавала легальна, мела хостынг беларускі і за гэта цяпер
расплачваецца. Зараз тыя, хто на волі, стараюцца выконваць абавязкі перад нашымі
падпісчыкамі».