«Dziennik»: Расія будзе патрабаваць ад Беларусі не палітычнай інтэграцыі, а інтэнсіўнай ваеннай

Лукашэнка загнаны ў тупік, расце яго залежнасць ад Расіі. Расія ў такой сітуацыі можа імкнуцца да інтэнсіўнай ваеннай інтэграцыі.

dziennik.jpg


Польскія выданні шмат увагі прысвячаюць падзеям за ўсходняй мяжой Польшчы — расійска-беларускім ваенным вучэнням ды сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

«Dziennik Gazeta Prawna» піша, што сітуацыя ў Беларусі пасля падзей жніўня мінулага года змянілася, краіна нестабільная. Расце прэсінг з боку Расіі на інтэграцыю.

Выданне друкуе інтэрв’ю з прадстаўніком літоўскага Міністэрства нацыянальнай абароны Вільмантасам Віткаўскасам. Паводле яго слоў, Расія паступае паводле прынцыпу, што найлепшай абаронай з’яўляецца нападзенне, таму трэба быць гатовым да кожнага сцэнара развіцця падзей. Неабходна старанна сачыць не толькі за самімі манеўрамі, але таксама за тым, што адбываецца за кулісамі, — дыслакацыяй ваенных адзінак і тэхнікі.

— Ці ёсць сувязь паміж міграцыйным крызісам на мяжы і ваеннымі вучэннямі? Гэтае пытанне цікавіць літоўскіх адмыслоўцаў, але не бачна прамой сувязі, — кажа Віткаўскас.

dziennik_gazeta_prawna_1.jpg

Выданне піша таксама пра сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі. На думку палітолага Андрэя Ляховіча, Лукашэнка загнаны ў тупік, расце яго залежнасць ад Расіі, але Расія не будзе патрабаваць палітычнай інтэграцыі. Замест гэтага яна, верагодней за ўсё, скарыстае складаную сітуацыю Лукашэнкі і будзе імкнуцца да інтэнсіўнай ваеннай інтэграцыі.

Гэтага асцерагаецца таксама Украіна. «Усё, што здарылася пасля 9 жніўня 2020 года, — гэта мыльная опера, якая павінна прымусіць Беларусь да блізкай інтэграцыі з Расіяй. Магчымае размяшчэнне расійскіх ваенных баз у Беларусі — гэта патэнцыйная пагроза для Украіны. Калі так станецца, мы будзем рэагаваць умацаваннем мяжы і перамяшчэннем войск», — заявіў яшчэ ў жніўні выданню намеснік міністра замежных спраў Украіны Васіль Боднар.

Паводле www.polskieradio.pl