Amnesty International назвала працэс па «справе БелаП*Н» сфабрыкаваным

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай у сувязі пачаткам судовага працэсу па «справе БелаП*Н», паведамляе БАЖ.

photo_2022_06_06_16_22_39.jpg

«Справа БелаП*Н увасабляе сабой тое, як незалежныя СМІ ў Беларусі душацца цягам двух гадоў пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў, падчас якіх улады вядуць жорсткую кампанію па пераследзе іншадумства. Ілжывыя абвінавачванні ў «экстрэмізме» ужо не раз выстаўляліся ў дачыненні да журналістаў, якія асмельваюцца незалежна асвятляць падзеі нягледзячы на рызыку правесці гады за кратамі.

Беларускія сілавікі памнажаюць колькасць арыштаў крытыкаў урада, такім чынам адказваючы на мірнае іншадумства, а суды выносяць усё больш суровыя і несправядлівыя прысуды. Такая палітыка абуральным чынам парушае абавязацельствы Беларусі згодна з міжнародным правам у галіне правоў чалавека. Атака ўладаў на свабоду слова павінна спыніцца».Справа ў дачыненні да журналіста Андрэя Аляксандрава і яго сяброўкі Ірыны Злобінай, а таксама галоўрэда і дырэктара інфармацыйнага агенцтва «БелаП*Н» Ірыны Леўшынай і былога дырэктара агенцтва Дзмітрыя Наважылава была скіравана ў суд у красавіку гэтага года.
Ім прад'яўлены абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы з 14 жніўня 2020 года па 12 студзеня 2021 года не менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Так у пракуратуры ацанілі аплату штрафаў і паслуг адвакатаў затрыманым падчас акцый лета і восені 2020 года. Таксама яны абвінавачваюцца ў аказанні дапамогі замежнай арганізацыі «БАЙХЭЛП» і яе прадстаўнікам у дзейнасці, скіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, што кваліфікавана як здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК).
Андрэй Аляксандраў, Ірына Леўшына і Дзмітры Наважылаў абвінавачваюцца ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім. У паведамленні пракуратуры гаворыцца аб стварэнні фарміравання з ліку работнікаў ЗАТ «БелаП*Н» і іншых асоб, якое ў 2020-2021 гадах размяшчала на інтэрнет-рэсурсах ЗАТ «БелаП*Н» матэрыялы, якія расцэньваюцца пракуратурай як экстрэмісцкія. Нагадаем, «БелаП*Н» было прызнана экстрэмісцкім фармаваннем па рашэнні КДБ у лістападзе мінулага года.
Нарэшце, Андрэю Аляксандраву і Дзмітрыю Наважылаву таксама прад'яўлена абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаходнага падатку за люты 2015 года - красавік 2021 года (ч. 2 арт. 243 КК). Урон ацэнены ў суму каля 450 тыс. рублёў.