Анжаліка Борыс застаецца ў Горадні. Што цяпер зь фігурантамі «польскай справы»
Адзіным фігурантам «польскай справы» пад вартай застаецца горадзенскі журналіст Анджэй Пачобут. Неўзабаве пачнецца суд, распавядае «Св*бода».
Пра «польскую справу» стала вядома летась у Дзень Волі. Тады затрымалі Анджэя Пачобута, а таксама трох прадстаўніц незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) зь Ліды, Ваўкавыску і Берасьця — Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву. За два дні да гэтага затрымалі старшыню СПБ Анжаліку Борыс. Усіх абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці», артыкул прадугледжваў да 12 гадоў турмы.
Тры
фігуранткі жывуць у Польшчы
Праз два месяцы Бярнацкую, Цішкоўскую і Панішаву вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Іх адвезьлі зь СІЗА на беларуска-польскую мяжу.
Цяпер
жанчыны жывуць у Варшаве і Беластоку. Яны застаюцца абвінавачанымі.
Прадстаўніцы СПБ займаюцца сямейнымі і грамадзкімі справамі, але пазьбягаюць
камэнтароў.
Вядома, што
Пачобуту таксама рабілі падобную прапанову вызваленьня, але ён адмовіўся, бо не
хацеў зьяжджаць зь Беларусі.
Анжаліка
Борыс пад падпіскай аб нявыезьдзе
Анжаліку Борыс выпусьцілі зь СІЗА праз год пасьля затрыманьня. Яе адвезьлі да маці ў вёску пад Горадняй. Ужо празь некалькі дзён старшыня СПБ вярнулася дадому ў Горадню, дзе жыла да затрыманьня.
Першапачаткова
мэдыя памылкова пісалі, што Борыс пад хатнім арыштам, але гэта было ня так. Яе
адразу выпусьцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе і абавязку зьяўляцца
на допыты.
Анджэй
Пачобут моцна схуднеў, сядзіць у «шанхаі»
Адзіны зь пяці фігурантаў, хто застаецца за кратамі, — гэта Анджэй Пачобут. У верасьні будзе паўтара года, як ён сядзіць. Журналіста зноў перавялі на «Валадарку» ў Мінск.
Як
расказалі ягоныя блізкія, Анджэй сядзіць у «шанхаі» — падвальным памяшканьні. У
ягонай камэры прыкладна на 25 «квадратаў» знаходзіцца каля 25 чалавек.
Асабістага месца ў вязьняў вельмі мала. Улетку ў камэрах горача.
Большасьць
часу журналіст праводзіць у «кабінэтах», бо знаёміцца са справай. Там сьпёку
пераносіць лягчэй. У Анджэя хворае сэрца, гарачыня пагаршае стан.
На
азнаямленьне сыходзіць увесь час з 9:30 да 17:40 зь перапынкам на абед. Яму
далі на гэта месяц, які ўжо заканчваецца. У справе шмат тамоў, там сустракаюцца
гістарычныя дакумэнты.
Нядаўна
стала вядома, што на дадатак да абвінавачаньня ў «распальваньні варожасьці»
Пачобуту выставілі ячшэ адно — у «закліках да санкцый, накіраваных на
прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы».
Анджэй піша
дадому штодня. Лісты сваякам і ад сваякоў даходзяць. Быў пэрыяд, калі
перарвалася ліставаньне з малодшым сынам Яраславам. Лісты сталі вяртацца назад
— бо «не прайшлі цэнзуру». Анджэй камунікуе з сынам ад нараджэньня толькі
па-польску, перапісваюцца яны таксама на сваёй роднай мове. Пасьля скаргі
родных ліставаньне аднавілася. Зь СІЗА паведамілі, што вінаватых пакаралі.
Зьняволены
таксама мае праблемы са страўнікам, у яго болі ад шмат якой ежы. Таму ён амаль
нічога ня есьць, хіба што дыетычныя турэмныя кашы, і моцна схуднеў. Адзеньне
колішняга памеру, якое яму перадаюць блізкія, на ім ужо вісіць.
Адначасна
Анджэй трымаецца бадзёра і хоча годна прайсьці гэты пэрыяд, надалей не плянуе
прасіць аб памілаваньні. Рыхтуецца да гадоў «лягераў».
Неўзабаве
справу маюць перадаць у пракуратуру, значыць, у хуткім часе можа пачацца суд.
Ці будуць Анджэя Пачобута судзіць разам з Анжалікай Борыс, ці ў асобным
працэсе, пакуль невядома.