Пратэст у Беластоку: «Гэтыя пахаванні перажылі савецкія часы, але не беларускія»

Могілкі ў Суркантах — месца вельмі вядомае не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы. Пра іх шмат пісаў і журналіст-палітвязень Андрэй Пачобут. Сурканты — месца вельмі сімвалічнае для ўсіх. Факт руйнавання могілак абурае людзей у цэлым свеце.

10_r_2_1.jpg

Чарговая акцыя ў падтрымку лідараў Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс і Андрэя Пачобута прайшла ў цэнтры Беластока 26 жніўня. Прычынай пікета сталі не толькі палітвязні, але і знішчэнне могілак жаўнераў Арміі Краёвай у Суркантах у Гродзенскай вобласці. Польскае грамадства ў шоку, піша M*ST.

Лідарка палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс і журналіст Андрэй Пачобутбылі затрыманы ў сакавіку 2021 года, ім інкрымінуюць рэабілітацыю нацызму. Беларускім палякам пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. У сакавіку 2022 года Борыс перавялі з СІЗА пад хатні арышт, а Пачобут застаўся ў турме. Як вынікае з нядаўняга ліста журналіста сваёй жонцы, ён пачаў знаёміцца з матэрыяламі сваёй справы. Гэта значыць, што неўзабаве справа будзе перададзена ў суд.

— Мы думаем, што Андрэй у верасні ўжо будзе асуджаны. Дадалі да яго справы яшчэ адзін артыкул. Ён сядзіць цяпер у Беларусі за тое, што паляк, за дзейнасць у Саюзе палякаў, — сказаў на мітынгу намеснік старшыні Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі. 

Намеснік старшыні Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі (злева) на акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота: Руслан Кулевіч

Намеснік старшыні Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі (злева) на акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота: Руслан Кулевіч

Пачобута абвінавачваюць у «распальванні варожасці» з-за прамовы пра савецкую агрэсію супраць Польшчы ў 1939 годзе. Беларуская прапаганда сцвярджае, што ў верасні 1939 года адбылася не агрэсія, а «вызваленне прыгнечаных Польшчай украінскага і беларускага народаў». У справе фігуруюць артыкулы ў польскіх медыя, дзе Пачобут расказвае пра жорсткае падаўленне сілавікамі пратэстаў пасля выбараў, а таксама артыкул ад 2006 года за аўтарствам Андрэя пра камандзіра польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне Анатоля Радзівоніка.


— Андрэй займаўся ў Беларусі тэмай Арміі Краёвай, і за гэта сядзіць у турме, — дадае Занеўскі. — У дзень акцыі да нас дайшла страшная навіна — знеслі могілкі ў Суркантах. Пра гэта месца Андрэй шмат пісаў. Месца вельмі вядомае не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы. Месца вельмі сімвалічнае для ўсіх. Факт руйнавання могілак абурае людзей у цэлым свеце. Польскае грамадства ў шоку. Тут нават слоў не падабраць гэтым дзеянням. Гэта варварства з боку ўлад Беларусі. Гэтыя пахаванні перажылі савецкія часы, але не беларускія. Тады яны не былі знішчаны, хоць гэтыя жаўнеры загінулі ў вайне з Саветамі. Але трэба ведаць адно — яшчэ ніхто не знішчыў памяць людзей і памяць пра жаўнераў, якія там ляжаць.

На акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота: Руслан Кулевіч

На акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота: Руслан Кулевіч

Учора раніцай, 25 жніўня, каля вёскі Сурканты ў Гродзенскай вобласці невядомыя зраўнялі з зямлёй могілкі жаўнераў Арміі Краёвай — адны з найбуйнейшых у рэгіёне. Дарогі да месца, дзе адбываўся акт варварства, блакіраваліся. А абураных мясцовых жыхароў, якія спрабавалі зафіксаваць злачынства, палохалі турэмным зняволеннем. У Суркантах палеглі 57 жаўнераў Арміі Краёвай, гэта здарылася 23 жніўня 1944 года ў баі з 3-м батальёнам НКУС, які акружыў атрад падпалкоўніка АК Мацея Калянкевіча «Котвіча». Пэўна, менавіта да гадавіны бою ўлады прымеркавалі знішчэнне польскага пахавання.

Гэта ўжо сёмы акт вандалізму ў Гродзенскай вобласці, дадае Марэк Занеўскі.

Раней было вядома пяць выпадкаў разбурэння магіл Арміі Краёвай у рэгіёне. 1 ліпеня СМІ паведамілі пра разбурэнне пахаванняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёна, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёна. 22 ліпеня стала вядома пра разбурэнне могілак жаўнераў АК у Стрыеўцы пад Гроднам. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік як кіраўнік рэгіёна сітуацыю не каментуе. Ён наогул запрашае польскіх турыстаў скарыстацца бязвізавым рэжымам і наведаць Гродзеншчыну.

Таксама стала вядома, што некалькімі днямі раней каля вёскі Пескаўцы быў разбураны памятны знак палякам, якія загінулі ў баях з войскамі НКУС.

— Яны спецыяльна зносяць магілы, якія стаяць у полі, у лесе, якія не кідаюцца ў вочы. Гэтыя выпадкі — гэта вайна з польскай гісторыяй, якой працята беларуская зямля, асабліва Гродзеншчына. Улады Беларусі лічаць гэта пагрозай. 

На акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота: Руслан Кулевіч / MOST

На акцыі ў падтрымку палітвязняў. Фота: Руслан Кулевіч / MOST

Таксама Занеўскі даў зразумець, што нельга параўноўваць знос могілак у Беларусі з тым, што цяпер адбываецца ў Літве і Латвіі — з пераносам або руйнаваннем савецкіх помнікаў.

— У Польшчы таксама прыбіраліся помнікі савецкім салдатам з гарадоў, але ў Беларусі знішчаюць могілкі — месцы, дзе пахаваны людзі. Менавіта пахаванні. І гэтыя пахаванні — гэта дакладна пацверджаныя гістарычныя факты.

 Раман Кулевіч, M*ST.