Хронікі рэпрэсій: у Оршы затрымалі цэлую сям'ю, пераслед сям'і святара за рэпосты ў сацсетках

У Магілёве сілавікі затрымалі сям'ю Пруднікавых — за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. У затрыманых на волі засталося аднагадовае дзіця.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі ГУБАЗіКа і мясцовага АМАПа затрымалі ў Магілёве Яўгена і Вольгу Пруднікавых. Фармальнай прычынай для затрымання стала тое, што сямейная пара ездзіла ў 2020 годзе на акцыі пратэсту ў Мінск.
Дома ў Пруднікавых быў праведзены ператрус, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы. У затрыманай сям'і ёсць аднагадовае дзіця.
Таксама высветлілася, што Яўген працуе ў Магілёўскіх электрычных сетках, а Вольга (па непацверджаных звестках) — у РУП «Белфармацыя», пра што паведамляе @MAYDAYMog.
*****
ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Мінска Наталлю Азарэвіч
Паводле інфармацыі сілавікоў, 40-гадовая жанчына ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
*****
Сілавікі затрымалі мужа і жонку з «Каскада»


photo_2022_08_26_14_16_47.jpg


Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Кірыла і Марыі Ясінскіх, якія жывуць у ЖК «Каскад». У віну ім ставяць удзел у акцыях пратэсту з выхадам на дарогу, дваровыя чаяванні ў «Каскадзе», а таксама падпіску на «экстрэмісцкія» twitter-акаўнты.
*****

paulinkovich_1.jpg

Палітвязень Станіслаў Паўлінковіч амаль 20 сутак знаходзіцца ў СІЗА. Пасля пераводу ў калонію яго рэгулярна змяшчаюць туды.
Як стала вядома магілёўскім праваабаронцам, магілёвец Станіслаў Паўлінковіч з 7 жніўня знаходзіцца ў штрафным ізалятары папраўчай калоніі N°1 у Наваполацку.
Па наяўнай інфармацыі, адміністрацыя ПК-1 рэгулярна змяшчае вязня ў ШІЗА. Знаходзіцца ў калоніі Паўлінковіч з пачатку лета.
Першапачаткова магілёвец адбываў пакаранне ў два гады абмежавання волі па арт. 391 Крымінальнага кодэкса (абраза суддзі) у ПУАТ-39 у Крупках, куды патрапіў у сакавіку 2021 года.
Аднак 29 красавіка 2022 года, паводле заявы адміністрацыі ПУАТ, суд замяніў «хімію» на рэальнае пазбаўленне волі ў калоніі.
*****
Сям’ю праваслаўнага святара пераследуюць за перапосты ў сацсетках
Пра гэта паведамляе суполка «Хрысціянская візія». Вядома, што падчас рэлігійных свят затрымалі жонку праваслаўнага святара і пагражалі ёй зняволеннем да суда, які мусіў адбыцца ўжо пасля свят. Паводле арт. 19.11 КаАП («Выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў») ёй прысудзілі штраф «у памеры сярэдняга беларускага месячнага заробку», а таксама канфіскавалі тэлефон. Нагодай стаў фотаздымак святара ў сацсетках з лагатыпам СМІ, які ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкім».
Пасля гэтага матушку выклікалі на прафілактычныя гутаркі, пагражалі арыштам яе і мужа, а таксама тым, што паставяць сям’ю на ўлік як «сацыяльна небяспечную». Таксама вядома, што ўлады зацікавілі іншыя фотаздымкі ў сацсетках і бела-чырвона-белае ды жоўта-блакітнае спалучэнне колераў у доме святара.