«Там вельмі прыгожа, на турму не падобна». Алена Гнаук даслала першы ліст з калоніі

Палітзняволеная актывістка з Пружан Алена Гнаук 15 жніўня прыбыла ў папраўчую калонію №4 і даслала родным першы ліст.

alena_hnauk_1_logo_1_1.jpg

Па яе словах, усяго ў жаночай калоніі №4 1200-1300 асуджаных: 20 атрадаў па 24-60 чалавек, у адным — адразу 90 чалавек. Алена распавяла, што ў атрадзе 50 новых чалавек, якія праходзяць, як і яна, каранцін у два тыдні.
«Кажа, што там вельмі прыгожа, на турму не падобна. Настрой у Алены Пятроўны бадзёры, здароўе ў норме. Перадае ўсім вітанкі! Алена атрымлівала ў СІЗА Баранавіч шмат пасылак, што яе вельмі натхняла», — расказваюць родныя.
У інстаграм-акаўнце ў падтрымку Алены адзначаецца, што калі хтосьці хоча яе падтрымаць, то можна напісаць у direct і ўсё ўзгадніць.
65-гадовую актывістку Алену Гнаук асудзілі сёлета, 17 чэрвеня, на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 3200 рублёў. За восеньскія пасты ў Facebook і Instagram пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі яе прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). 
З 2020 года Алену Гнаук мэтанакіравана пераследавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі па «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах. 
Даслаць лісты і паштоўкі Алене можна на адрас: ПК-4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, 8 атрад, КАРАНЦІН, Алене Пятроўне Гнаук.