Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк у новай калоніі трапіла на 20 сутак у карцар

Да гэтага Паліну Шарэнду-Панасюк неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар гомельскай калоніі.

palina_szarenda_panasjuk.jpg

Муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што Паліну ў калоніі №24 змясцілі ў ШІЗА.

«Паліна на 20 содняў змешчана ў ШІЗА (карцар) жаночай папраўчай калоніі №24 (Зарэчча). Дзесяць з іх яна ўжо адбыла...», — напісаў Андрэй Шарэнда.

Такім чынам, Паліне застаецца яшчэ 10 сутак.

Раней Паліну трымалі ў гомельскай калоніі №4 і там таксама неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, нагадваюць праваабаронцы. А 14 ліпеня Андрэй Шарэнда паведаміў, што ўжо месяц не можа даведацца, дзе цяпер трымаюць яго жонку. Пазней высветлілася, што яе перавялі ў ПК-24 — калонію для жанчын-рэцыдывістак, якія паўторна здзейснілі цяжкае злачынства. Калонія «знаходзіцца ў лесе паміж Рэчыцай і Светлагорскам і вядома вельмі жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Таксама ПК-24 вядома кепскімі санітарнымі ўмовамі для вязняў і цяжкай фізічнай працай для зняволеных», распавядаў Андрэй Шарэнда.



Пераслед Паліны Шарэнды-Панасюк 

Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэру. Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА. Ёй прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса («Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі») за тое, што нібыта нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дамоў. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.

9 чэрвеня 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Паліне быў вынесены прысуд — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

За кратамі Паліну шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА.

У студзені 2022-га жанчына напісала свайму мужу, што ў канцы года яе ўтрымлівалі мінімум 15 дзён у карцары, а таксама змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) да 18 сакавіка. Акрамя гэтага яе пазбавілі каранціннай перадачы.


У канцы лютага 2022 года Андрэй Шарэнда паведаміў, што на Паліну завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»): «Адказным за чарговы ціск на Паліну з'яўляецца начальнік гомельскай калоніі падпалкоўнік Талсцянкоў Дзяніс Анатольевіч», — напісаў тады муж Паліны.

У гомельскай жаночай калоніі 7 красавіка 2022 года вынеслі прысуд Паліне Шарэндзе-Панасюк паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Суддзя Мікалай Крупадзёраў прызначыў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі (пасля складання тэрмінаў — 10 месяцаў). Так Паліна стала першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле.


11 красавіка 2022 года Шарэнду-Панасюк перавялі з ПК №4 у СІЗА-3.

8 чэрвеня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Паліны на рашэнне суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Суддзя Мікалай Маратаеў пастанавіў пакінуць прысуд у сіле.

Паліну ўтрымлівалі ў СІЗА-3, пасля перавялі ў ПК № 24.