Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк знайшлася — яна ў калоніі для рэцыдывістак
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк знайшлася ў жаночай калоніі № 24. Больш за месяц ніхто не давай ніякай інфармацыі сваякам, куды знікла жанчына
![palina_sharenda.jpg palina_sharenda.jpg](/img/v1/images/palina_sharenda.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку яе муж Андрэй Шарэнда:
«Паліна нарэшце знайшлася у жаночай папраўчай калоніі № 24 (Зарэчча). Больш месяца лукашысты хавалі яе месцазнаходжанне. ПК-24 — гэта калонія для жанчын рэцыдывістак, якія паўторна здзейснілі цяжкае злачынства. Яна знаходзіцца ў лесе паміж Рэчыцай і Светлагорскам і вядома вельмі жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Таксама ПК-24 вядома кепскімі санітарнымі ўмовамі для вязняў і цяжкай фізічнай працай для зняволеных».
Апошнія месяцы Паліна знаходзілася ў Гомельскім СІЗА №3. А 14 ліпеня Андрэй Шарэнда паведаміў, што ўжо месяц не можа высветліць, дзе цяпер трымаюць яго жонку. Ён выказаў думку, што такім чынам прадстаўнікі сілавых структур спрабуюць адпомсціць нязломнай Паліне.
![Сваякі Паліны Шарэнды-Панасюк не могуць яе знайсці Сваякі палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк ужо месяц не могуць яе знайсці](/img/v1/images/polina_28_02.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пераслед Паліны Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк была затрыманая 3 студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры. Паліну затрымалі і ў кайданках адвезлі ў ІЧУ. Пазней яе перавялі ў СІЗА. Ёй прад'явілі абвінавачванні па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нібыта нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, якія прыйшлі да яе дамоў. Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.
9 чэрвеня 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Паліне быў вынесены прысуд — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
За кратамі Паліну шмат разоў змяшчалі ў ШІЗА.
У студзені 2022-га жанчына напісала свайму мужу, што ў канцы года яе ўтрымлівалі мінімум 15 дзён у карцары, а таксама змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) да 18 сакавіка. Акрамя гэтага яе пазбавілі каранціннай перадачы.
У канцы лютага 2022 года Андрэй Шарэнда паведаміў, што на Паліну завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы): "Адказным за чарговы ціск на Паліну з'яўляецца начальнік гомельскай калоніі падпалкоўнік Талсцянкоў Дзяніс Анатольевіч", — напісаў тады муж Паліны.
У гомельскай жаночай калоніі 7 красавіка 2022 года вынеслі прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Мікалай Крупадзёраў прызначыў палітзняволенай у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі (пасля складання тэрмінаў — 10 месяцаў). Так Паліна стала першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, асуджаная па гэтым артыкуле.
11 красавіка 2022 г. Шарэнда-Панасюк перавялі з ПК №4 у СІЗА-3.
8 чэрвеня 2022 г. у Гомельскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Паліны на рашэнне суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Суддзя Мікалай Маратаеў пастанавіў пакінуць прысуд у сіле.
Паліну ўтрымлівалі ў СІЗА-3, пасля перавялі ў ПК № 24.