Аксане Колб прысудзілі 13 сутак, але пакуль пакінулі на волі

Рэдактарку «Новага Часу» Аксану Колб асудзілі за «распаўсюду экстрэмізму» да 13 сутак.

aksana_kolb_2_logo.jpg

Сёння, 22 ліпеня, у судзе судзе Фрунзенскага суда суддзя Юлія Блізнюк, вядомая сваімі прысудамі па палітычных справах, разгледзела справу Аксаны Колб. Журналістку абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмізму».

Днямі Аксана Колб даведалася, што супраць яе распачалі справу паводле ч. 2 арт. 19.11 — распаўсюд матэрыялаў, уключаных у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх.

Высветліліся, што яшчэ 25 сакавіка 2022 года капітан Сяргей Іванавіч Дзяшко склаў на яе пратакол. Падставай стаў пост Аксаны ў фэйсбуку, зроблены 3 траўня 2021 года, — відэа з “экстрэмісцкага” тэлеканалу, які, зрэшты, на той момант яшчэ экстрэмісцкім не прызналі (гэта здарылася толькі 27 ліпеня 2021 года). Аднак пост і пасля 27 ліпеняя заставаўся ў стужцы Аксаны Колб.


Пераслед Аксаны Колб

Рэдактарку “Новага Часу” затрымалі 20 красавіка. Група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі прыехала ў кватэру, дзе яна жыве, забрала на допыт у Следчы камітэт. У выніку была заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

7 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска распачаўся суд па гэтай справе. У выніку Аксану Колб асудзілі да 2,5 гадоў «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Рэдактарку «Новага Часу» абвінавацілі ва ўдзеле ў маршы пратэсту 16 жніўня 2020 года. Доказам “віны” стаў фотаздымак Аксаны з вялізным бел-чырвона-белым сцягам.

Прысуд быў вынесены 15 чэрвеня. Аксану вызвалілі ў зале суда. Цяпер яна на волі.

Аксана Колб аспрэчыла прысуд і чакае перагляду справы.