«Палітзняволеная літаратура». У Лодзі пройдзе імпрэза, прысвечаная літаратуры палітвязняў

У польскім горадзе Лодзь у межах Дзён беларускай культуры 23 ліпеня будуць асэнсоўваць літаратуру беларускіх палітвязняў. Арганізуюць імпрэзу «Палітзняволеная літаратура» Фонд «Беларусы ў Лодзі» і Беларуская Рада культуры.

lit1.jpg


Удзельнікам і гледачам плануюць прадставіць форум-спектакль «Цэнзар», музычны канцэрт, у якім прымуць удзел Юрый Стыльскі, лідар гурта «Дай дарогу!», гурт «Разбітае Сэрца Пацана», дыскусіі з удзелам экспертаў з праваабаронцамі, літаратарамі і журналістамі. Таксама можна будзе прыняць удзел у напісанні лістоў палітвязням.

Арганізатары таксама абяцаюць прэзентацыю тэкстаў, якія паўсталі праз турэмны досвед іх аўтараў.

«Турэмнае мастацтва, як канцэнтрат беларускай палітычнай і філасофскай думкі, пераасэнсоўвае той час і той стан, у якім мы ўсе зараз знаходзімся. Новая культура і новыя каштоўнасці нашага грамадства выспяваюць і фармулююцца людзьмі, што знаходзяцца за кратамі. Слухаючы іх галасы, мы можам акрэсліць для саміх сябе тут і цяпер, дзеля чаго мы ўсё гэта робім, дзеля чаго мы як супольнасць ідзём на барацьбу і страты, чалавечыя, лёсавыя, культурныя», — паведамляюць пра падзею арганізатары.

За мерапрыемствамі праекта «Палітзняволеная літаратура» можна будзе назіраць па ўсім свеце з дапамогай анлайн-трансляцыі.

Імпрэза «Палітзняволеная літаратура» пройдзе 23 ліпеня з 16.00 да 22.00 у Доме літаратуры па адрасе: Лодзь, Roosevelta, 17.