Сям’ю палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк высяляюць з арандаванай кватэры ў Брэсце
Пра гэта «Свабодзе» паведаміў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Брэсцкая актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца
за кратамі з 3 студзеня 2021 году. Цяпер яна адбывае пакаранне ў гомельскай
папраўчай калёніі № 4. Там яе ўжо тры разы за паўтара месяца змяшчалі ў ШІЗА.
Муж Паліны Андрэй Шарэнда з'ехаў ад пераследу з Беларусі,
дзеці жывуць у Беларусі з бабуляй, фактычна высяляюць і іх, кажа Андрэй.
«Мы апошнія 6 год жылі ў камерцыйнай арэнднай кватэры, якую
здаваў гарвыканкам, — распавёў Андрэй Шарэнда. — Груба кажучы, заключаецца
дамова на доўгі тэрмін, на 5 год, на арэнду кватэры і ты там жывеш, прычым
плаціш не па льготнаму тарыфу, як дзяржава кажа, а па коштам нават вышэйшым,
чым на рынку, прынамсі мы так апошнім часам плацілі.
І вось, як я даведаўся, ад 1 снежня экстраным рашэннем
кіраўніка гарвыканкама нас пазбавілі права на арэнду і прыйшоў загад пакінуць
памяшканне на працягу некалькіх тыдняў. Дакладнага тэрміну не ведаю, без
прадстаўлення іншага жылога памяшкання. Я, жонка і дзеці былі там прапісаныя
і зарэгістраваныя больш за 6 год.
У іншае месца зараз натуральна ні я, ні Паліна не можам
зарэгістравацца. Такім спосабам яны пазбавілі мяне, дзяцей і жонкі рэгістрацыі
ў Беларусі, прапіскі і часткі грамадзянства, можна і так сказаць. Там пакуль
знаходзяцца нашыя рэчы, не ведаю колькі часу нам дададуць, каб выселіцца».
У рашэнні Брэсцкага гарвыканкама ад 1 снежня, якое
даслалі Андрэю, зазначаецца пра скасаванне рашэння гарвыканкаму ад 2
лістапада 2021 году наконт прадстаўлення арэнднага жытла.
Паводле Андрэя, у ягонай жонкі Паліны ў калоніі да гэтага
моманту дзейнічае забарона на пасылкі, на прадуктовую да канца снежня, таксама
абмежаваныя закупы ў краме:
«Замест 6 базавых — 2 (гэта 58 рублёў), то бок нешта неабходнае купіць на гэтыя грошы проста немагчыма. Пазбаўленная яна таксама тэлефанаванняў, відэасувязі і спатканняў, як я разумею, увогуле на неабмежаваны перыяд. Яна прынцыпова адмаўляецца пісаць нейкія прашэнні».