Вольга Івашына: Стан здароўя Дзяніса — стабільны

Жонка гродзенскага палітвязня Дзяніса Івашына працягвае ліставанне з пракуратурай і «Белпоштай», каб даведацца пра лёс лістоў да Дзяніса, піша «Беларускае Радыё Рацыя».

Вольга і Дзяніс Івашыны

Вольга і Дзяніс Івашыны


— Звярталася на «Белпошту» наконт лістоў і пасылак, чаму так доўга ідуць і ўвогуле не даходзяць. Яны мне, праўда, адказалі не так, як мінулы раз. Яны спаслаліся на нейкія нормы закона, пра тое, што трэба з пісьмовай заявай падысці, з пашпартам, з квітанцыямі да іх. Тут ёсць пэўныя складанасці, не ведаю, як у мяне атрымаецца, будзем глядзець.
Паводле слоў Вольгі, ад пракуратуры прыходзяць дзіўныя адказы:
— Звярталася ў Дэпартамент выканання пакаранняў наконт таго, што з паштоўкай айчыннай нейкія дзівосы былі. Чамусьці яны да гэтага часу мне не адказалі. Ужо практычна месяц прайшоў з таго часу, як яны атрымалі мой зварот. Паглядзім, калі на гэтым тыдні нічога не будзе, будзем далей разважаць. Генпракуратура, як і пракуратура Гродзенскай вобласці сцвярджаюць, што ўсе адказы мне былі дасланыя. Будзем далей змагацца.
Дзяніс Івашын з 12 сакавіка знаходзіцца за кратамі і яму прад’явілі два абвінавачанні. Першае — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» (арт. 365 КК), другое — «Здрада дзяржаве», як вынікае з адказу КДБ. Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.