«Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных». У Беларусі – яшчэ 12 новых палітвязняў

Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве беларускіх праваабарончых арганізацый.

photo_2021_12_06_16_01_48.jpg

Праваабарончая супольнасць прызнала яшчэ 12 чалавек палітвязнямі: Ірыну Радзькову, Мікіту Кунтыша, Валерыя Казея, Арцёма Грыба, Сяргея Ключанскага, Гаянэ Ахціян, Дзмітрыя Горбача, Вікторыю Ганчарову, Ігара Пазднякова, Алену Ягорычаву, Анастасію Пацехіну, Аляксандра Шышко. Іх пераследуюць паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэкса — «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Праваабаронцы ацэньваюць пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Беларусь і прызнаюць іх палітычнымі зняволенымі.

Праваабаронцы ў заяве адзначаюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Ірыну Радзькову, Мікіту Кунтыша, Валерыя Казея, Арцёма Грыба, Сяргея Ключанскага, Гаянэ Ахціян, Дзмітрыя Горбача, Вікторыю Ганчарову, Ігара Пазднякова, Алену Ягорычаву, Анастасію Пацехіну, Аляксандра Шышко і спыніць іх крымінальны пераслед. А таксама неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Паводле spring96.org