Палітвязень пра тры месяцы ў СІЗА: Калі маеш стрыжань, то гэта перанесці магчыма

Палітвязня, паэта і настаўніка Алеся (Аляксея) Мінава 25 лістапада асудзілі на тры гады «хіміі». Маладога чалавека прызналі вінаватым у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Па выхадзе на волю пасля трох месяцаў у СІЗА на Валадарскага Алесь гаворыць, што мае цвёрды намер заставацца ў Беларусі. Ён распавёў «Новаму Часу» пра тое, што паўплывала на гэтае рашэнне, пра натхненне ад Вольгі Залатар і шлях да Беларусі.

"Ціхі супраціў". Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

"Ціхі супраціў". Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

«Калі апынуўся ў турме, быў рады, што не ўцёк»

— Як пачуваецеся?

— У параўнанні з СІЗА, канешне, добра пачуваюся, але настрой невясёлы праз навіны ў цэлым.

— Што зрабілі найперш, як выйшлі з СІЗА?

— Па-першае, хацелася пабачыць родных, сяброў, адразу з усімі сустрэліся. Таксама надта не хапала нашай беларускай музыкі, дык слухаў некалькі дзён. Шмат гуляў па Мінску.

— Як вы пражылі тры месяцы зняволення, што яны вам далі ў творчым і асабістым плане?

— Я яшчэ раз пераканаўся ў тым, колькі ў нас цудоўных людзей, у тым ліку там, за кратамі. Адчувалася і падтрымка з волі, і мае бацькі потым распавядалі, што для іх таксама была вялікая падтрымка. Глядзіш на гэта і захапляешся.

У творчым плане — напісаў нейкія вершы, трохі падкарэктую і з часам буду нешта выкладаць.

Чамусьці, на дзіва, калі раней ставіў перад сабой пытанне што рабіць: з’язджаць ці сядзець у турме? — цяжка было на яго адказаць і думаў, што хутчэй з’еду. Але калі я там апынуўся, хоць гэта парадаксальна, але быў у нейкім сэнсе рады, што я тут, а не кудысьці ўцёк і нібыта ў бяспецы. Мне здаецца, з’ехаўшы, немагчыма прынесці якаснай карысці краіне. Так, можна нешта рабіць для культуры, падтрымкі. Але ў пэўныя моманты трэба быць тут.

А яшчэ я адчуваю нейкую повязь з людзьмі, якія зараз застаюцца за кратамі — гэта амаль 900 прызнаных палітвязняў, а агулам — больш за тысячу чалавек.

Алесь Мінаў

Алесь Мінаў

— Што было для вас самым цяжкім і што падтрымлівала?

— Цяжкім быў агульны стан абсалютнага зняволення. Нават калі ты робіш нейкія асабістыя запісы — яны ўжо не асабістыя, бо могуць у любы момант прыйсці, забраць іх і прачытаць.

Падтрымка ішла праз лісты, я падлічыў — даходзіла менш за палову з таго, што мне пісалі. Але за тры месяцы я атрымаў амаль 200 лістоў ад сяброў, знаёмых і незнаёмых людзей. Гэта вельмі моцная крыніца падтрымкі.Таксама я напамяць чытаў вершы — нават здзівіўся, колькі я ведаю беларускіх вершаў — Някляеў, Гілевіч, Барадулін. Гэта натхняе і надае сілы. Дапамагала таксама ўзгадванне лёсаў дзеячаў нашай гісторыі і культуры. Безумоўна, думаў пра Статкевіча, Севярынца — людзі так жывуць ужо амаль 30 гадоў і ўсё роўна знаходзяць сілы змагацца. Таму трэба спрабаваць гэты час вытрываць, і вытрываць годна.  

— Вы кажаце, што нельга прынесці якаснай карысці з-за мяжы. А наколькі свабодна можна нешта рабіць у цяперашніх умовах у Беларусі?  

— Калі нашыя продкі адно-два пакаленні таму змаглі разваліць такую імперыю зла як Савецкі Саюз, дзе многае было значна горш, чым цяпер у нас, ёсць спадзеў, што нешта зменіцца. Па-другое, я па прафесіі настаўнік (зразумела, у бліжэйшы час працаваць не змагу), і павінны ж быць настаўнікі, якія працуюць ад сэрца і ўкладаюць у беларусаў любоў да Беларусі. Павінны быць паэты, якія пішуць вершы, бачачы гэта ўсё знутры. Павінна быць падтрымка людзей, якіх фізічна можаш бачыць, паціснуць руку. Мне падаецца, гэта важна. І калі ўявіць маштаб рэпрэсій, якога яшчэ няма, але які можа быць, то ў такім выпадку з’ехаць трэба амаль усяму грамадству. І што ж гэта будзе?


У «адстойніку» суда напісаў верш Вользе Залатар

— Трапіўшы за краты, вы пазбавіліся страху?

— Безумоўна, страх быў — што мяне будуць біць, катаваць, але, дзякуй Богу, абыйшлося. Быў страх, што ты можаш невядома на колькі там застацца. Увогуле, турма — месца спецыфічнае і, у нейкім сэнсе, дзікаватае. Але я б не сказаў, што ўсё настолькі страшна, што проста жах. Калі маеш хаця б нейкі стрыжань, то гэта перанесці магчыма.

— У зняволенні вы размаўлялі па-беларуску?

— Так, амаль што ўвесь час. На судзе наўмысна размаўляў па-руску. У камеры — 50 на 50, часам нават больш — па-беларуску. Дзіўна, што з боку супрацоўнікаў беларуская мова адразу нібыта раскрывала людзей. На «Валадарцы» было двое супрацоўнікаў, якія крывіліся, а большасць альбо не звяртала ўвагу, альбо выказвала нешта блізкае да пазітыўнага стаўлення . А сярод сукамернікаў у цэлым — добрае стаўленне, хоць нехта казаў, што не асабліва разумее.

— З кім з «палітычных» давялося сядзець?

— Апроч мяне, у камеры было яшчэ чацвёра «палітычных». Акіхіра Гаеўскі-Ханада, які сядзіць па анархісцкай справе. Ён добра валодае беларускай мовай. Хутка ў яго павінен быць суд. Потым быў Саша Багданаў, ды-джэй, які супрацоўнічаў з «Корпусам». Яго моцна збілі пры затрыманні, былі паламаныя рэбры, ён ляжаў у бальніцы. Таксама быў хлопчык па артыкуле 342, Аляксандр Карзюк, але на момант эпізоду па яго справе яму было 17 гадоў. Калі споўнілася 18, яго арыштавалі. У апошнія дні перад маім судом прывялі яшчэ аднаго хлопца, яго завуць Аляксей, прозвішча не памятаю, ён уладальнік крамы настольных гульняў. «Транзітам» з тыдзень у нас пабыў Валянцін Цераневіч з Горадні, яго абвінавачваюць па артыкуле «дзяржаўная здрада».

 — Вы прысвяцілі верш яшчэ адной палітзняволенай — Вользе Залатар. Распавядзіце пра гісторыю, якая натхніла вас на гэта.

— На «Валадарцы» перад судом усіх выводзяць з камер, там ёсць калідор, дзе знаходзяцца камеры-«адстойнікі». Мне не хапіла ў іх месца ні на першым маім судзе, ні на другім, таму мяне пакінулі проста стаяць на калідоры тварам да сцяны. Стаяў так з гадзіну, пакуль канвой не прыехаў. І пачуў, як спадарыня Вольга кожнаму канвойнаму — а іх было шмат — жыццярадасна кажа па-беларуску: «Добрай раніцы! Добрай раніцы!». І бачна, што чалавек не зняволены, а вольны і годны. Мяне гэта вельмі моцна натхніла. Я адразу не пазнаў яе, але потым, калі канвой выводзіў, яна называла прозвішча. І напісаў верш наўпрост у судзе, таксама ў «адстойніку». Думаў на наступны дзень нават паспрабаваць ёй неяк яго перадаць, але такой магчымасці не надарылася.

Вось гэты верш:

У змрочных склепах Валадаркі

Вользе Залатар

«Добрай раніцы!» — у твар канвою,«Добрай раніцы!» — катам у сьпіны.І нічога, нічога ня зробіш з табою — Хай глытаюць нянавісьці сьліну.
Бо свабодзе ня ставяць умовы,Бо свабода з-за кратаў зьзяе,Бо свабода струменіць мовай,Сьцягам у сэрцы свабода лунае!
Бы жывою вадой гаючай,Я напіўся ўсьмешкай тваёй.Дзякуй, Вольга, за неўміручасьць,Дзякуй, Вольга, за супакой.
Тут мярцьвяцкі агідны водар,Тут адчаю халодны змрок,Ды разьбіла, разбіла яго тыСьмехам поўнячы кожны крок.
Як у адказ — толькі ўласнае рэха, Помні, гэта хутка-хутка міне,Ведай, нехта дыхае тваім сьмехам,Нехта ўсьмешкай тваёй жыве!

24.11.2021


«Адпачатку рыхтаваўся да горшага»

— А як вы самі сталі фігурантам крымінальнай справы?

— Мяне надурыў ГУБАЗіК і, аналізуючы, я мяркую, што гэта быў не горшы варыянт у параўнанні з тым, як да некаторых ломяцца ў хаты. Мне патэлефанавалі з Маскоўскага РУУСа, нібыта я там пакінуў рэчы — падыйдзіце і забярыце. У мяне была думка, што гэта сапраўды так, я пайшоў — і мяне прынялі. Мне адразу паказалі фотаздымак з пратэстаў, дзе я стаю з бел-чырвона-белым сцягам, і сказалі, што я затрыманы па крымінальнай справе. У мяне, канешне, быў шок, хоць дзесьці я разважаў, што такое можа быць. Але падрыхтавацца да такога немагчыма, таму стан у мяне быў, скажам так, нестандартны.

— Прынялі сітуацыю, як ёсць, альбо было жаданне змагацца і нешта даказваць?

— Я ўзважваў сітуацыю, параіўся з адвакатам і вырашыў, што лепш пайсці з «паднятымі рукамі», хай сістэма працуе сама. На судзе я віну прызнаў і раскаяўся ў здзейсненым.

 — Якога выніку чакалі ад суда і як успрынялі прысуд?

— Я сабе адпачатку даў устаноўку рыхтавацца да горшага, і гэта дапамагала. Адразу адкінуў спадзяванні выйсці праз 10 сутак на Акрэсціна пад падпіску — чым менш расчараванняў, тым прасцей. Цягам працэсу і паводле размоваў з адвакатам было зразумела, што будзе «хімія», але да апошняга меў на ўвазе, што яшчэ можа быць і пазбаўленне волі ў калоніі. А што казаць пра прысуд — які ёсць такі ёсць.

— Як адрэагавалі на тое, што вас прызналі палітвязнем? Гэты статус неяк уплываў на ваша знаходжанне ў СІЗА?

— Натуральна — я думаў, што так і будзе, бо ніякіх гвалтоўных дзеянняў я не рабіў. Я не думаю, што сярод сукамернікаў ці персаналу было нейкае іншае стаўленне да мяне. Але збольшага стаўленне да зняволеных па палітычных матывах сярод іншых вязняў пазітыўнае альбо нейтральнае. Хіба дзівяцца, што людзі сядзяць ні за што. З боку канвоя былі адзінкавыя выпадкі негатыўнага стаўлення. Адчуваецца непрыязь, якую паказваюць тварам ці інтанацыяй, але фактычна яны нічога не робяць.  

Таксама мяне, як і ўсіх, паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму, але ў межах СІЗА ён ніякіх наступстваў не меў.


«Хачу вучыць дзяцей па новых падручніках і ў іншай атмасферы»

— Ці будавалі вы нейкія планы на далейшае жыццё? Чым бы хацелі займацца? Ці магчыма ўвогуле цяпер планаваць?

— Калі глабальна — хачу працаваць у сістэме адукацыі, вучыць дзяцей па ўжо новых падручніках і ў зусім іншай атмасферы. Але калі бліжэй да рэчаіснасці, то пакуль сказаць цяжка. Нават «хімія» з накіраваннем дае амаль бязмежныя магчымасці ў карыстанні інтэрнэтам і сродкамі сувязі. Таму, магчыма, напішу нешта, буду займацца чымсьці культурніцкім.

— Вы захопленыя беларускасцю і настаўніцтвам. Як прыйшлі да гэтага?

— Я са звычайнай рускамоўнай сям’і, бацькі ўвесь час займаліся бізнесам. Беларуская мова нідзе не гучала ў маім асяроддзі. У школе мне яна спачатку нават не падабалася. Цяпер забаўна ўзгадваць, як я спрачаўся з настаўніцай, маўляў, навошта нам гэтая беларуская мова, лепей больш матэматыку вучыць. Але класе ў сёмым-восьмым я чытаў, тады яшчэ «УКантакце», суполку «Мая краіна Беларусь». Тады для многіх маладзёнаў гэта быў моцны каштоўнасны арыенцір да нацыянальнага кірунку. Такім чынам я зацікавіўся спачатку культурай, а потым сацыяльна-палітычнымі пытаннямі. Мне пашчасціла, што ў маім атачэнні не было людзей, якія былі ахвярамі прапаганды, акрамя бабулі — і тое гэта прайшло.



Думка стаць настаўнікам у мяне з’явілася ў школе, у 10 класе я планаваў паступаць на філфак БДУ, на беларускую філалогію. Але ў той год быў набор на беларускую і ўкраінскую філалогію, і я пайшоў туды. Я працаваў у школе ўжо з трэцяга курса. Мне падабалася, хаця апошнія 1,5 гады было маральна цяжкавата. Але нават у межах гэтай сістэмы, дзе ўсё рэгламентавана, усё роўна можна праяўляць творчы падыход. Мяне вельмі цешыць, што ў нашай сістэме адукацыі ёсць такія людзі, гэта важна, каб не было згублена новае пакаленне. Бо калі глядзець на цяперашнія школьныя праграмы, асабліва па гісторыі, гэта страшэнна, насамрэч.
Я не магу сказаць, што сённяшняе настаўніцтва — гэта нейкія кепскія людзі. Нават тыя настаўнікі, якія фальсіфікавалі выбары, могуць быць неблагімі спецыялістамі і наогул неблагімі людзьмі. Але такое адчуванне, што за дзесяцігоддзі іх саміх настолькі перацерла сістэма адукацыі, што памкненне да нейкай свабоды знішчанае зусім. Але мне здаецца, што калі ў нас усё зменіцца, гэтая сістэма без супраціву пойдзе ў іншае рэчышча і рэфармуецца імгненна, калі толькі будуць умовы.
— Як бы вы падсумавалі тое, што адбылося з вамі асабіста і ў краіне агулам?
— Калі я гляджу на гэта, мяне бярэ дзіва, бо гэта як нейкая пародыя ці тое на сталінскія рэпрэсіі, ці тое на становішча пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэту, ці нават на Нямеччыну 1930-х гадоў. Але гэтая пародыя абсалютна мярцвяцкая, і мяне бярэ дзіва — як яно ўвогуле можа існаваць у рэальнасці, і людзі пакутуюць і гінуць?
Але ёсць і нейкія рэчы, якія, як бы яно не гучала, можна назваць пазітыўнымі для нашага нацыянальнага духу. Да людзей даходзіць, хто яны, і пачынаюць шанаваць гэта. У мяне нават ёсць думка, што калі, умоўна кажучы, забароняць беларускую мову, то гэта будзе самае лепшае, што можна для яе зрабіць. Тады людзі адчуюць яе каштоўнасць.