Еўрапейскі суд па правах чалавека забараніў высылаць мігрантаў у Беларусь, калі яны ўжо трапілі ў Польшчу

Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пастанавіў, што мігранты не могуць быць высланыя ў Беларусь, калі ўжо знаходзяцца на польскай тэрыторыі. Гэта вынікае з рашэння, апублікаванага на сайце суда, піша «Радыё Свабода».

Мігранты ў чарзе па ежу, Гродна

Мігранты ў чарзе па ежу, Гродна


З 20 жніўня па 3 снежня 2021 года ЕСПЧ разгледзеў 47 хадайніцтваў ад 198 заяўнікоў з просьбай гарантаваць бяспечнае знаходжанне на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза.
44 пазовы падалі супраць Польшчы, два — супраць Латвіі, адзін — супраць Літвы. «У большасці заяў, дзе заяўнікі сцвярджалі, што знаходзяцца ў Польшчы, і прасілі не высылаць іх назад у Беларусь, суд ужыў правіла 39 і пастанавіў, што заяўнікі не павінны быць высланыя з Польшчы, калі яны сапраўды знаходзяцца на яе тэрыторыі», — гаворыцца ў пастанове суда.
Правіла 39 рэгламента ЕСПЧ прадугледжвае забеспячальныя меры ў рамках скаргі па сутнасці аб парушэнні правоў чалавека. Невыкананне гэтых мер суд разглядае як перашкоду эфектыўнаму разгляду скаргі заяўніка.Па адным з хадайніцтваў, што тычылася 32 грамадзян Афганістана, якія апынуліся на беларуска-польскай мяжы, суд папрасіў Варшаву дазволіць доступ да іх адвакатаў. У некаторых выпадках ЕСПЧ запатрабаваў забяспечыць мігрантаў ежай, вадой, адзеннем, адэкватнай медыцынскай дапамогай і, калі магчыма, часовым сховішчам.