Журналісту-палітвязню Дзянісу Івашыну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Яго жонка Вольга Івашына паведаміла ў сацыяльных сетках, што, паводле інфармацыі, атрыманай ад адваката Дзяніса, следчы аддзел упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці працягнуў арышт журналісту яшчэ на тры месяцы.

Паводле Вольгі Івашынай, Дзяніс успрыняў гэтую інфармацыю
спакойна, баявога настрою не губляе, назапашвае сілы і беражэ здароўе, бо «ўсё
гэта спатрэбіцца, веру, ужо ў хуткім часе, дзеля нашай супольнай барацьбы за
свабоду і незалежнасць Бацькаўшчыны».
Дзяніс Івашын з 12 сакавіка знаходзіцца за кратамі і яму прад’явілі два абвінавачанні. Першае — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» (арт. 365 КК), другое — «Здрада дзяржаве», як вынікае з адказу КДБ. Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.
Паводле БАЖ.