«Начальнік ІЧУ пагражаў згвалціць дубінкай». Руслан Багданоўскі, які ўключыў «Муры» пад Акрэсціна, распавёў пра арышт

Руслан Багданоўскі, 37-гадовы кіроўца той самай «Tesla», з вокнаў якой 11 кастрычніка пад сценамі Акрэсціна некалькі хвілінаў гучала песня «Разбуры турмы муры». Другі хлопец, якога затрымалі разам з ім, — кліент таксі. На іх склалі па два пратаколы і трымалі за іх учынак 30 сутак у карцары ў нечалавечых умовах. Руслана цэлы месяц перамяшчалі «ластаўкай» і ў кайданках.

Руслан Багданоўскі


Па словах кіроўцы «Tesla», начальнік ІЧУ на Акрэсціна Ігар Кенюх рабіў іх тэрмін за кратамі невыноснымі. 1 снежня мужчына пакінуў Беларусь, цяпер ён у бяспецы. Руслан распавёў праваабаронцам пра матывы іх учынку, пра невыносныя ўмовы ўтрымання і пагрозы асабіста ад начальніка ізалятару.


Вырашылі падтрымаць арыштантаў

Як распавёў былы арыштант Руслан Багданоўскі, ён працаваў кіроўцам сталічнага таксі і вазіў людзей на Tesla. 11 кастрычніка ён прыехаў на замову да незнаёмага яму кліента Максіма Канавалава. Руслан успамінае, што ў дарозе яны слухалі розныя пратэсныя песні, у тым ліку Сяргея Міхалка, гурта «Кіно», а таксама вядомую пратэсную песню «Муры». Па словах мужчыны, ад гэтай музыкі ў іх пачала «закіпаць кроў ад усяго таго беззаконня, што адбываецца ў краіне». Праз гэта Руслан прапанаваў новаму знаёмаму паехаць пад сцены Акрэсціна і ўключыць «Муры», каб падтрымаць арыштантаў. Максім пагадзіўся.

Мужчыны былі настроеныя рашуча: каля Акрэсціна яны адчынілі ў машыне ўсе вокны, люк, і, уключыўшы на ўсю гучнасць «Муры», праехалі ўздоўж сцен ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна. Потым яны развярнуліся, праехалі назад і спыніліся недалёка ад брамы ў ізалятар. Там яны прастаялі каля трох хвілін да таго моманту, як да іх выбег начальнік ІЧУ Ігар Кенюх у цывільным, трымаючы тэлефон у руках. Ён пачаў здымаць мужчынаў на відэа. Максім, які стаяў у гэты момант каля машыны, хутка заскочыў у яе. Начальнік працягваў бегчы да машыны і ўсё бліжэй здымаць твары Руслана і Максіма, а потым нават спрабаваў адчыніць дзверы машыны. Але Руслан імгненна зрэагаваў: «У гэты момант ручкі хаваюцца ўнутр дзверы, бо я ўключаю "Drive" і мы хутка з'язджаем адтуль».  

Калі машына пачала рух, Руслан заўважыў, як Кенюх ударыў у задняе левае шкло кулаком.


Пікетаваў песняй «Разбуры турмы муры» ў машыне

Кіроўца «Tesla» пасля гэтага здарэння адчуваў, што неўзабаве іх могуць затрымаць, таму пасля таго, як адвёз дадому Максіма, сам ужо не паехаў далей працаваць. Руслан заехаў у «Віталюр», каб паесці, бо разумеў, што калі яго затрымаюць, то ежы ён можа не пабачыць доўгі час. Калі мужчына ўжо выйшаў з крамы, то паспеў толькі дастаць з кішэні пачку цыгарэт. Але так і не запаліў — хутка да яго пад’ехалі два службовых аўтамабілі ДАІ, адкуль выбеглі адразу шэсць міліцыянтаў. Яны не прадстаўляліся, а толькі паведамілі, што Багданоўскаму трэба праехаць разам з імі. Мужчына папрасіў паказаць міліцыянтаў пастанову на затрыманне, але атрымаў адказ:

«Давай не будзем тут прадстаўленне ладзіць, сядай у машыну».

Руслан не збіраўся аказваць ім непадпарадкаванне, таму добраахвотна сеў у машыну. Але перад гэтым міліцыянты забралі ў яго ключы і дакументы ад машыны. У Маскоўскім РУУСе ўчастковыя склалі на Руслана адразу два пратаколы: па лініі ДАІ за спыненне машыны пад знакам «Прыпынак забаронены», а таксама па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Згодна з рапартам намесніка начальніка ІЧУ Глеба Дрыля, «каля 14:30 11 кастрычніка рухаўся з хуткасцю два кіламетры ў гадзіну аўтамабіль “Tesla” з гучна уключанай музыкай “Стены рухнут”, прычым у аўтамабіля былі адчыненыя вокны і было зразумела, што грамадзяне ў аўтамабілі робяць гэта наўмысна».

У гэты ж час у РУУС прывезлі і Максіма Канавалава, на якога таксама склалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне». Пасля РУУСа іх перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.


Начальнік ізалятара Ігар Кенюх пагражаў згвалціць дубінкай

У ізалятары Руслана раздзелі да майткоў і пасадзілі ў «стакан», дзе ўтрымлівалі каля чатырох гадзін. Багданоўскі адзначае, што ў стакане было вельмі холадна. Пры гэтым, Максіма міліцыянты таксама закінулі ў суседні «стакан», але Руслан не ведае, ці таксама ён быў раздзеты.

Адразу пасля «стакана» Багданоўскага пасадзілі ў карцар.

«Карцар з сябе ўяўляў памяшканне не больш за шэсць квадратных метраў з бетоннай калючай падлогай, “парашай”, рукамыйніцай, сталом, умантаваным у бетонную падлогу, і “шконкай”, замацаванай на сцяне, якая адкрываецца звонку ахоўнікамі», — узгадвае былы арыштант.

На наступны дзень Руслана ў кайданках «ластаўкай» павялі на другі паверх ІЧУ і пасадзілі ў «клетку». Там яго на некалькі хвілінаў пакінулі чакаць Ігара Кенюха — начальніка ІЧУ на Акрэсціна. Па словах мужчыны, Кенюх адразу пачаў крычаць на мужчыну матам і пагражаць, што згвалціць яго дубінкай. Потым Кенюх крыкнуў ахоўнікам: «Ракам яго! І да “петухоў” у камеру яго! Цяпер цябе вы*буць два нямытыя зэкі!»

Багданоўскага адразу заламалі і кудысьці павялі. Ён адзначае, што яму так нізка нахілілі галаву, што ён зусім нічога не бачыў. У выніку, яго вярнулі ў карцар. На наступны дзень суддзя Маскоўскага раёна Сяргей Кацар асудзіў Руслана на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Падчас суда, які апошнія паўтара года праходзіць праз скайп, каля затрыманых звычайна сядзяць нехта з супрацоўнікаў РУУСа або ІЧУ ці ЦІПа і кантралююць працэс. У той дзень разам з Русланам у часовым ізалятары сядзеў асабіста Ігар Кенюх. Увесь час ён стаяў каля затрыманага і гаварыў: «Табе п*здец! Я цябе згнаю ў турме».

На другі дзень пасля арышту, дадому да Руслана прыйшлі супрацоўнікі міліцыі для правядзення агляду. У кватэры нічога не чапалі рукамі, толькі глядзелі. Сястра Руслана, якая пры гэтым прысутнічала, сказала, што ёй прапанавалі падпісаць пустую паперу, куды можна было б напісаць пад роспісам, што заўгодна. Яна адмовілася падпісваць паперу.


Чарговыя 15 сутак, гадзіна ў «стакане» і 435 рублёў за «харчаванне» з наяўных грошай

26 кастрычніка Руслана і Максіма павінны былі вызваліць па заканчэнні 15-сутачнага тэрміну. Але выпускаць іх не спяшаліся. Праз гадзіну пасля таго, як мужчына ўжо павінен быў быць на волі, ён запытаў у ахоўніка, чаму яго працягваюць утрымліваць у карцары. Ахоўнік кудысьці сышоў, а праз паўгадзіны Багданоўскаму надзелі кайданкі і «ластаўкай» павялі да чалавека, які чакаў на выхадзе. Міліцыянт накінуў куртку на кайданкі, каб іх схаваць, пасадзіў Руслана ў машыну і павез у Маскоўскі РУУС. Там на яго склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) за тое, што нібыта «мужчына падчас “прафілактычнай гутаркі” пачаў весці сябе агрэсіўна, крычаць і ўскокваць з крэсла».

У РУУСе кіроўца «Tesla» пабачыў і свайго кліента, які таксама атрымаў пратакол па арт. 19.1 КаАП. Пасля РУУСа па вяртанні ў ІЧУ Руслана зноў на гадзіну пасадзілі ў стакан. Потым мужчына вярнуўся ў той жа карцар.

На наступны дзень над Багданоўскім і Канавалавым адбыліся чарговыя суды. Справы разглядала суддзя Таццяна Мотыль. На судзе Максім прызнаў сваю віну і суддзя пакарала яго 14-сутачным арыштам. Руслан жа сваю віну адмовіў, але Мотыль усё роўна прызнала яго вінаватым у «дробным хуліганстве» і арыштавала толькі на суткі больш — на 15. Пасля кожнага з судоў падчас «афармлення» ў ізалятар у Руслана двойчы канфіскавалі па 217 рублёў і 50 капеек у рахунак аплаты за харчаванне з яго наяўных грошай.

Усе 30 сутак Руслан прасядзеў у адным карцары, дзе ў розныя дні было ад чатырох да васьмі чалавек. Спаць прыходзілася блізка адзін да аднаго, каб не змерзнуць. Ні матрацаў, ні душа, ні шпацыру — толькі святло 24/7 і бетонная падлога. Цёплыя рэчы ў арыштантаў таксама забіралі.

«Штодня нас выганялі, сагнуўшыся з рукамі за спіной, у калідор на расцяжку для ператрусу. Ноччу нас падымалі для праверкі тры разы: у 00:00, 2:00 і 4:00. Харчаванне было такое, што ўсе думкі былі пастаянна толькі пра ежу і мы жылі ад прыёму ежы да наступнага прыёму, як быдлы».

На трэція суткі ў карцары Багданоўскі захварэў: была высокая тэмпература, балела горла і пачаўся кашаль. Але дзяжурныя ізалятара не дазвалялі сядзець днём арыштантам. Руслану нават з тэмпературай прыходзілася ўставаць, калі паступаў «загад» ад дзяжурных. Пры гэтым, неабходная медыцынская дапамога арыштаваным не аказвалася. З таблетак, якія лекарка выдавала, быў толькі цытрамон. За ўвесь час за кратамі ў Багданоўскага пагоршыўся зрок.

Руслан Багданоўскі пасля 30 сутак


«Маё прозвішча занясуць у нейкі спіс і я буду ў іх на кантролі»

«Калі заканчваліся другія 15 сутак, за пару гадзін да вызвалення мне надзелі кайданкі і адвялі на чацвёрты паверх у нейкі кабінет, дзе за сталом сядзеў мужчына гадоў 55, вельмі важнага выгляду і побач на крэсле сядзеў начальнік ізалятара. Яны сказалі мне, што маё прозвішча занясуць у нейкі спіс і я буду ў іх на кантролі, і калі маё прозвішча дзесьці ўсплыве, то знаходжанне ў карцары мне падасца раем», — распавядае Руслан.

Таксама былы арыштант узгадаў: «Ігар Кенюх прыдумаў, што ад'язджаючы на машыне, я, аказваецца, ударыў яго аўтамабілем па локці, а тое, што я кажу, што ён ударыў кулаком у шкло — дык гэта мне здалося».

Акрамя гэтага, Руслан адзначае, што «Tesla» дагэтуль не вярнулі яе ўладальніку, бо нібыта яна знаходзіцца на экспертызе, хоць суд і не накладваў на яе арышт. Пры гэтым, машына лічыцца за фірмай, на якой ён афіцыйна працаваў. Пры гэтым, усе 30 сутак арышту электрамабіль знаходзіўся каля Маскоўскага РУУСа.


«Знаходзячыся там, я ні разу не пашкадаваў пра тое, што мы зрабілі»

Усе сукамернікі, з якімі Багданоўскаму давялося сядзець, праходзілі па «палітычных» крымінальных справах. У Руслана з імі звязаныя толькі добрыя ўспаміны:

«Пакуль знаходзіўся ў камеры, да нас пару разоў закідвалі хлопцаў, якія пачуўшы маю гісторыю, казалі, што чулі песню “Давай разбурым гэтую турму” і вельмі гэта ім падымала дух. Усе людзі, з якімі мне давялося знаходзіцца ў карцары за час арышту былі сапраўднымі беларусамі! Усе выхаваныя і цікавыя. Ні разу ні з кім не было ніякіх канфліктаў. Усе падтрымлівалі адзін аднаго. У кожнага была гісторыя затрымання, якая мяне шакавала. Я маю на ўвазе, што людзей проста ні за што садзяць. Прычым тэрміны проста дзікія фігуруюць у дакументах. Знаходзячыся там, я ні разу не пашкадаваў пра тое, што мы зрабілі і не пашкадаваў бы, нават калі б мне яшчэ накінулі два разы па 15 сутак».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: