Стрыжак: «Мара кожнага дыктатара — прымусіць чалавека перастаць думаць»

Праваабаронца Андрэй Стрыжак разважае пра небяспекі выказваць сваё меркаванне ў Беларусі.

stryzhka_9173664.jpg

— Ва ўладаў няма ніякіх перашкод, каб абвясціць экстрэмістамі адразу ўсіх. Аднак, думаю, што яны спецыяльна гэта робяць паэтапна, вось так вось размазваюць, як сметанковае масла тонкім пластом па бутэрбродзе, для таго, каб людзі пастаянна былі ў напрузе, каб пастаянна бачылі: яшчэ кагосьці прызналі, — разважае праваабаронца Андрэй Стрыжак у эфіры канала Маланка Медиа.

Стрыжак падкрэсліў, што сёння свабода выказвання меркавання ў Беларусі нясе дастаткова вялікую небяспеку. У прыватнасці, на думку праваабаронцы, улады працягнуць практыку пакарання за каментары ў сацсетках.

— Я думаю, што пакаранне за каментары дзяржава будзе ўжываць і далей, таму што гэты метад выглядае жахліва. Гэта зроблена для таго, каб змусіць людзей маўчаць.

Мара кожнага дыктатара — прымусіць чалавека перастаць думаць пра тое, што яму штосьці не падабаецца. Але да гэтага ў нас яшчэ не дайшлі, таму што не вядома, як можна прымусіць чалавека не думаць.

Аднак нават калі людзі перастануць каментаваць, гэта не значыць, што яны загарэліся любоўю да Аляксандра Лукашэнкі і ягоных памочнікаў, — упэўнены праваабаронца.

Паводле gazetaby.com