«Поўная цішыня». У жонкі Алеся Пушкіна знікла сувязь з мужам-палітвязнем
Жонка мастака Алеся Пушкіна распавяла «Народнай Волі», што муж па-ранейшаму знаходзіцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках.
Нагадаем, 30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.
Мастак — фігурант крымінальнай справы, якую распачала
пракуратура паводле ч.3 арт.130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне варожасці»):
«за ўчыненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне
нацызму». Падставай для гэтага стаў напісаны ім партрэт антысавецкага
падпольшчыка, які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадскога жыцця» ў
Гродне.
Пазней прэтэнзіі ў следчых узніклі і да цыкла твораў
мастака, якія ён стварыў больш за 20 гадоў таму.
А ў мінулым месяцы з’явілася інфармацыя, што Алеся Пушкіна з
СІЗА накіравалі ў псіхіятрычную лякарню ў Навінках — быццам бы для правядзення
экспертызы.
«Калі нічога не змянілася, то, значыцца, муж ужо каля месяца
знаходзіцца ў Навінках, — кажа Яніна Пушкіна. — На жаль, інфармацыі ніякай не
маю, бо, як вядома, адвакат знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
Знікла з Алесем і сувязь праз ліставанне. Калі з ізалятара больш-менш нармальна прыходзілі лісты, то апошні атрымала больш за месяц таму. Хаця ў ім муж ніякім чынам не згадваў, што яго могуць змясціць у псіхіятрычную лякарню. З таго часу — поўная цішыня…»