У Беларусі 15 новых палітвязняў. Сярод іх — спявачка Мэрыем Герасіменка і дацэнт МДЛУ Наталля Дуліна

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі вязнямі яшчэ 15 чалавек, якія былі заключаны пад варту або асуджаныя па частцы 1 артыкула 342 КК аб «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

img_2816_logo_1.jpg


У лік новых палітвязняў трапіла спявачка Мэрыем Герасіменка, якую затрымалі ў пачатку жніўня пасля таго, як яна выканала песні ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы» на тэрасе бара «Банкі-бутэлькі» ў цэнтры Мінска, на вуліцы Зыбіцкай. Герасіменка некалькі разоў запар давалі «суткі», а цяпер, як вынікае з заявы праваабаронцаў, у дачыненні да спявачкі распачатая крымінальная справа. Раней сілавікі сцвярджалі, што ў 2020 годзе дзяўчына ўдзельнічала ў акцыях пратэсту.

Таксама палітзняволенай прызнаная экс-выкладчык МДЛУ Наталля Дуліна. За ўдзел у пратэстах яе ў 2020 годзе звольнілі з універсітэта, затым неаднаразова затрымлівалі на «суткі». Жанчыну зноў затрымалі 3 кастрычніка, у гэты раз — па крымінальным артыкуле.

Таксама палітвязнямі прызнаныя:

  • Ілля Астроўскі і Уладзіслаў Шаковіч з Мінска, работнікі «Інтатэхгруп», затрыманыя 21 верасня за пратэсты ў 2020 годзе, знаходзяцца на Акрэсціна;
  • 48-гадовая Людміла Абразоўская, супрацоўніца МТЗ, затрыманая 6 верасня за ўдзел у пратэстным маршы МТЗ у 2020 годзе, знаходзіцца ў СІЗА-1;
  • 29-гадовая Кацярына Бібільнікава з Магілёва, затрыманая 20 верасня за пратэсты ў 2020 годзе, знаходзіцца на Акрэсціна;
  • Валянцін Міцкевіч, затрыманы за пратэсты 27 верасня, муж палітзняволенай Дзіяны Міцкевіч, якую затрымалі з той жа нагоды яшчэ 12 ліпеня. Абодва знаходзяцца ў СІЗА-1;
  • 24-гадовая Аксана Манкевіч, затрыманая 14 верасня за пратэсты, знаходзіцца ў СІЗА-1;
  • Уладзімір Зубец, жыхар Бабруйска, затрыманы 5 верасня за пратэсты, знаходзіцца ў СІЗА-1;
  • Алег Галубоўскі, жыхар Бараўлянаў, затрыманы 12 жніўня за пратэсты ў 2020 годзе;
  • Генадзь Драздоў, мастак, які ўзначальваў творчую групу «Пагоня». Затрыманы 10 жніўня за пратэсты ў 2020 годзе, спачатку быў адпраўлены на «суткі», затым распачалі крымінальную справу, месца ўтрымання дакладна не вядома;
  • 39-гадовы Дзяніс Харунжы, затрыманы 13 верасня за пратэсты, знаходзіцца ў СІЗА-1;
  • Пётр Драздоў, кандыдат эканамічных навук, выкладчык лагістыкі ў БДУ. Быў затрыманы 26 снежня 2021-га і 2,5 месяца правёў у СІЗА, асуджаны за пратэсты на 3 гады «хіміі», 20 чэрвеня быў адпраўлены адбываць пакаранне.
  • Руслан Ксёнжык і Дзяніс Панамароў, накіраваных для адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі па ч. 1 арт. 342 КК у папраўчую ўстанову.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што названыя людзі мірна рэалізоўвалі сваё права на свабоду сходаў і выказванне меркавання, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў, не ствараючы пагрозы грамадскай бяспецы. Таму іх крымінальны пераслед неабгрунтавана, з'яўляецца палітычна матываваным, а самі яны — палітычнымі вязнямі.