Наталлю Дуліну зноў затрымалі. Ёй пагражаюць «крыміналкай»

Былую дацэнтку Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і сяброўку Каардынацыйнай рады Наталлю Дуліну зноў затрымалі.

natallja_dulina_1.jpg

Пра гэта стала вядома, бо адзін з тэлеграм-каналаў сілавікоў апублікаваў з Наталляй Дулінай «палоннае» відэа. Ёй таксама пагражаюць некалькімі крымінальнымі артыкуламі, але афіцыйных каментароў пакуль няма, піша «З*ркало».

На відэа лінгвістка кажа, што была затрымана 3 кастрычніка 2022 года за інтэрв'ю «экстрэмісцкаму фарміраванню» (відаць, «Еўрар*дыё»). Наталля Дуліна таксама прызнае, што прымала ўдзел у «несанкцыяваных мерапрыемствах». Мяркуючы па кадрах на відэа, дома ў Дулінай прайшоў ператрус.

Нагадаем, Наталля Дуліна — былы дацэнт кафедры італьянскай мовы, лічыцца адным з найлепшых спецыялістаў па італьянскай мове ў Беларусі. Наталля Дуліна падтрымала страйк і пратэсты студэнтаў. Была таксама сяброўкай Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі. У 2020 годзе яна адседзела 14 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і была звольнена з МДЛУ. Усяго з 2020 года яе затрымлівалі пяць разоў, гэта — ужо шосты.


Пасля свайго пятага зняволення на 15 сутак Наталля Дуліна распавяла «Свабодзе», чаму не хоча з'язджаць з краіны:

 — «Чаму ты не з'язджаеш? Я не хачу нешта рабіць ім на руку. Хтосьці павінен заставацца! Я ж не бесклапотная, я толькі кажу, што думаю. Ну не хачу я з'язджаць! І мяне абурае, што хтосьці вырашае за мяне, што мне рабіць.

Можа, я такі кліент, якога можна пастаянна закрываць і выконваць план?

Я застаюся рэалісткай пасля пяці затрыманняў. Узгадваю анекдот пра аптыміста і песіміста. Песіміст кажа, што горш ужо не будзе. А аптыміст пярэчыць: "Будзе, будзе"».