Наталля Дуліна: Беларусам трэба пазбавіцца ад «саўка» і Расіі

Былая выкладчыца МДЛУ — аб беларускай мове, смяротным пакаранні і парадах для беларусаў.

nata_dulina1.jpg

— Беларусам трэба пазбавіцца ад двух рэчаў, каб стаць звычайнай еўрапейскай дзяржавай. Еўрапейскай не толькі з пункту гледжання геаграфіі, але і асераднёнага менталітэту, звычак, традыцый. Гэтыя рэчы — так званы «савок» і Расія, — сказала Наталля Дуліна ў яфіры «Е*рарадыё». — Мы не ўсведамляем, што нават у паўсядзённым жыцці мы пастаянна прывязаныя, дэманструем гэтую спадчыну і ўплыў.

Гэта выяўляецца нават у нейкіх дробязях: як святкуем падзеі, выпіваем, збіраемся разам. Нездарма ж ёсць клішэ, што Беларусь — гэта апошні астравок Савецкага Саюза. Што тычыцца Расіі, то гэты «рускі свет» — ён таксама ўсюды.

Мы можам колькі заўгодна крычаць, што мы Беларусь, а не Беларусія, але гэта нічога не зменіць, пакуль мы не памяняем адносіны нават да простых рэчаў. Напрыклад, калісьці я сказала, што ў Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова — беларуская.

Было шмат каментароў, у адным з якіх чалавек напісаў: «Я абсалютна з вамі ва ўсім згодны, акрамя рускай мовы. За яе я парву». Але ж адзіная дзяржаўная мова не забараняе грамадзянам гаварыць на іншых мовах.

Яшчэ адно далікатнае пытанне, якое вырашае, наколькі хутка мы можам перайсці да дэмакратыі — гэта пытанне смяротнага пакарання. Многія людзі, якія лічаць сябе дэмакратамі, загразлі ў старых і кансерватыўных уяўленнях. Гэта ў тым ліку ўплыў Расіі. Паглядзіце, як там ставяцца да чалавечага жыцця.

Былая выкладчыца таксама ўспомніла, што ў гэтым годзе яе тройчы затрымлівалі. У сувязі з гэтым яна дала беларусам некалькі парадаў.

— Я хачу сказаць беларусам, якія знаходзяцца ў Беларусі: не трымайце дома сімволіку і не рабіце рэпосты. Пратэставаць з дуляй у кішэні — гэта важна для самога чалавека. Але давайце сімволіка будзе ў нас унутры, тым больш, мы ўжо зразумелі, хто мы ёсць.

Я думаю, што трэба напісаць кнігу або зняць фільм, які будзе прысвечаны затрыманням. Гэта будзе бестсэлер. Адна мая сукамерніца сядзела за тое, што ў яе на ўнутраным баку дзвярэй быў БЧБ-квадрат.

Думаю, што калі ўжо і сядзець, то за канкрэтныя дзеянні. Напрыклад, былі затрыманні падчас рэферэндуму ў лютым. Але ў тым ліку дзякуючы нашым дзеянням Лукашэнка не адправіў беларускія войскі на вайну.

Паводле «Салідарнасці», пераклад «НЧ».