Дэбеларусізацыя і русіфікацыя — цяперашняя культурная палітыка ўладаў

З'явіўся новы агляд парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за першую палову 2022 года. Што з яго вынікае? Палітычныя рэпрэсіі, здушэнне ўсяго беларускага, знішэнне мовы, беларускай кнігі, саветызацыя і мілітарызацыя паўсядзённасці...

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__1_logo.jpg

З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае звесткі пра парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. У гэтым маніторынгу ўтрымліваецца статыстыка і аналіз парушэнняў за першае паўгоддзе 2022 года. Матэрыял быў падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры.

Найбольш значныя парушэнні з боку дзяржавы культурных правоў беларусаў: пазбаўленне волі, жорсткія ўмовы ўтрымання за кратамі, што можна разглядаць як катаванні, прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў дачыненні да апанентаў рэжыму, пераслед за антываенную пазіцыю, ліквідацыі беларускіх культурніцкіх некамерцыйных арганізацый, рэпрэсіі ў дачыненні да «беларускай кнігі», якія працягваюцца другі год запар, а цяпер яшчэ і значна пагоршыліся, спрыянне ідэалогіі “рускага свету”.

Пасля падзей 2020 года культурная сфера шмат у чым паралізаваная: з Беларусі з’ехала шмат музыкаў, тэатральных дзеячаў, мастакоў, літаратараў і іншых людзей творчых прафесій. Шмат таленавітых людзей былі пазбаўленыя волі і знаходзяцца за кратамі.

slajd1_1.jpg

За студзень – чэрвень 2022 года зафіксавана 699 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Сярод іх:

• 529 парушэнняў у дачыненні да 332 дзеячаў культуры і асоб, чые культурныя правы былі парушаны;

• 111 парушэнняў у дачыненні да 96 арганізацый і супольнасцяў;

• 41 парушэнне ў дачыненні да аб’ектаў культурна-гістарычнай спадчыны і беларускай мовы на нацыянальным узроўні;

• 19 дзеячаў культуры прызнаны «экстрэмістамі», 5 творчых ініцыятыў, медыя, у тым ліку з кантэнтам культурнай тэматыкі, прызнаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», 10 дзеячаў культуры – «тэрарыстамі».

• Зафіксаваны 37 парушэнняў права на ліставанне ў пенітэнцыярных установах рознага ўзроўню.

• 33 вобшукі праведзены ў дзеячаў культуры і юрыдычных асоб сферы культуры.

Палітычныя зняволеныя – дзеячы культуры

Усяго, паводле звестак ПЦ «Вясна», у Беларусі 1236 палітычных зняволеных станам на 30 чэрвеня 2022 года.

  • 98 дзеячаў культуры на цяперашні момант прызнаны палітзняволенымі.
  • 46 з іх адбываюць крымінальнае пакаранне ў калоніях:
  • 5 дзеячаў культуры адбываюць крымінальнае пакаранне ў выглядзе «хіміі»
  • 46 дзеячаў культуры знаходзяцца ў следчых ізалятарах МУС і КДБ у чаканні суда або этапавання ў месцы адбыцця пакарання

Усяго ж за першае паўгоддзе 2022 года былі асуджаны 38 чалавек з ліку дзеячаў культуры.

slajd2_1.jpg


Часцей за ўсё дзеячы культуры прыцягваліся да крымінальнай адказнасці на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за ўдзел у мірных пратэстах у 2020 годзе – 22 прысуды з 38 за першае паўгоддзе. 17 дзеячаў культуры прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за «абразу» або «паклёп» у дачыненні да Лукашэнкі ці іншых прадстаўнікоў улады, «дыскрэдытацыю Беларусі», а па сутнасці – за выяўленне меркавання.

Дэбеларусізацыя і русіфікацыя ў сферы культуры

Тэма паслядоўнага выцяснення нацыянальна арыентаванага ў культуры, адукацыі, паўсядзённым жыцці і іншых сферах Беларусі шырокая і шматгранная. Яе немагчыма ахапіць гэтым даследаваннем, аднак важна пазначыць і зафіксаваць тое, што адбываецца ў дзяржаўнай палітыцы, як практыку дэбеларусізацыі і русіфікацыі – на прыкладах першай паловы 2022 года.

У месцах утрымання ад беларускамоўных затрыманых і зняволеных патрабуюць «гаварыць на нармальнай мове» – па-руску.

Паводле слоў гісторыка і публіцыста Алеся Белага, «людзі з “нярускімі” культурнымі сімпатыямі арганізавана вычышчаюцца з усіх адукацыйных і культурных устаноў».

Усё больш надпісаў з назвамі вуліц і славутасцяў у гарадах краіны замяняецца з беларускіх на рускія.

Нелаяльныя ўладзе беларускія аўтары і іх кнігі дыскрэдытуюцца праўладнымі прапагандыстамі і актывістамі.

З лістапада 2021 года перастала існаваць выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», заснаванае ў студзені 1967 года. Фармальная прычына – далучэнне да выдавецтва «Беларусь». Фактычна ж гэта ліквідацыя спецыялізаванага выдавецтва.

Паўсюль у Беларусі цяпер прасоўваецца ідэалогія «рускага свету». Улады спрыяюць і ўсяляк падтрымліваюць ў беларускіх гарадах дзейнасць «Русского дома» — прадстаўніцтва «Россотрудничества», — і ў той жа час у краіне ліквідуюцца сотні беларускіх грамадскіх арганізацый, дыскрымінуецца беларускамоўнае насельніцтва, польскія і літоўскія супольнасці.

Трэнды дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры

• Задушэнне любых формаў іншадумства.

• Пашыранае тлумачэнне заканадаўства аб экстрэмізме дзеля задушэння свабоды слова, свабоды сходаў, свабоды асацыяцый. Мэтанакіраванае фармаванне правапрымяняльнай практыкі з няяснымі крытэрыямі і крыміналізацыя грамадскай і грамадзянскай актыўнасці. Практыка фармуецца «за замкнёнымі дзвярыма» – на закрытых судовых пасяджэннях, што не дае грамадскасці магчымасці атрымаць хоць нейкае яснае ўяўленне, якія менавіта дзеянні і ў якіх абставінах ствараюць склад злачынства. Пры гэтым ствараюцца падставы для следства, пракуратуры і судоў пашырана тлумачыць палажэнні закона ў будучыні.

• Манапалізацыя дзяржавай дзейнасці ў сферы культуры. Так, пастановай ад 22 чэрвеня 2022 года ў Беларусі фармуецца рэестр арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Разглядаць дакументы на траплянне ў базу і весці рэестр будзе Міністэрства культуры або ўпаўнаважаная ім юрыдычная асоба. Арганізатары, якія падлягаюць уключэнню, але не ўключаны ў гэты спіс, не змогуць ладзіць культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. На практыцы гэта азначае допуск да арганізацыі мерапрыемстваў выключна дзяржаўных або лаяльных рэжыму арганізатараў. Пастанова ўступае ў сілу з 1 жніўня 2022 года.

• Дэбеларусізацыя краіны шляхам русіфікацыі і прасоўванне ідэі «рускага свету».

• Саветызацыя і мілітарызацыя паўсядзённасці.

• Звядзенне «культурнай разнастайнасці» да «супрацоўніцтва двух брацкіх народаў» [беларусаў і рускіх] і прыгнятання культуры польскіх і літоўскіх нацыянальных меншасцяў.

• Планамерная рэалізацыя праграмы ў рамках абвешчанага ў 2022-м Года гістарычнай памяці, мэтай якой з’яўляецца «фармаванне аб’ектыўнага стаўлення грамадства да гістарычнага мінулага…» Адна з абуральных практык апошняга месяца – разбурэнне ў Гродзенскай вобласці магіл салдат Арміі Краёвай – працяг пачатай больш за год таму барацьбы з памяццю аб падпольнай ваеннай арганізацыі часоў Другой сусветнай вайны, якая выступала супраць нямецкай акупацыі. Тэма гістарычнай памяці і тое, што адбываецца ў гэтай сферы, патрабуюць дадатковай увагі і вывучэння.

• Прыняцце знешнепалітычных рашэнняў, якія спрыяюць тэндэнцыі «культуры скасавання», – выпадкі байкоту прадуктаў беларускай культуры і яе аўтараў.